пассу́квацца, ‑аецца; зак.
Ссукацца — пра ўсё, многае.
пассу́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Ссукаць усё, многае.
пассыла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Саслаць усіх, многіх. — Хочам мы.. [сацыялістаў] па адным пералавіць ды ў катаргу пассылаць, а нічога не выходзіць. Галавач.
пассыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Ссыпаць усё, многае. Насенне [цётка] загадала перамераць і пассыпаць у свірны, але ад грошай адмовілася. Караткевіч.
пассыха́цца, ‑аецца; зак.
Ссохнуцца — пра ўсё, многае.
пассяда́цца, ‑аецца; зак.
Ссесціся — пра ўсё, многае.
пассяка́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пассякаць.
пассяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Ссячы ўсё, многае. [Дзядуля:] — А ясакары рана пассякалі, рана. Ім яшчэ жыць бы ды жыць. Мяжэвіч.
па́ста 1, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.
Рэчыва, якое мае выгляд вязкай цестападобнай масы (прымяняецца ў медыцыне, касметыцы, кулінарыі і пад.). Зубная паста. Таматная паста.
[Іт. pasta.]
па́ста 2, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.
Абл. Пасьба. І павыганяла з хлява свінню і трое парасят, каб удваіх з Юркам гнаць іх на пасту. Брыль. Што ж не выйшаў ты на пасту, Ганарлівы наш Мышасты? Броўка.
паста́ва, ‑ы, ж.
1. Становішча корпуса, фігуры, уласцівае каму‑н. Незалежнасць, самавітасць адчувалася ва ўсёй яго паставе. Сачанка. Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. У .. паставе, хадзе [Панасюка] не было ніякай паважнасці, якая звычайна прыходзіць да людзей гадоў пад сорак. Навуменка. // Фігура чалавека. Зялёная спадніца падкрэслівала.. [Ядзіну] статную дзявочую паставу. Новікаў. Кастусь адразу падняўся з зямлі, правёў пальцамі пад рэменем, абцягваючы гімнасцёрку на сваёй тонкай, да немагчымага схуднелай паставе. Ваданосаў.
2. Поза. Кашлатая Саўкава галава з цэлаю шапкаю чорных валасоў зняважліва ківалася. Войту зусім не спадабалася такая гордая пастава Саўкі Мільгуна. Колас. А Лёнька і Алік замерлі ў такіх паставах, як быццам збіраліся скочыць цераз шырокую канаву. Шашкоў.
3. Пастаноўка, становішча якой‑н. часткі цела. Правільная пастава ног у танцы. □ [Гаспадыня] падобна да мужа: тая ж пастава галавы, аднолькавы разрэз вачэй, той жа тонкі прамы нос. Навуменка.