ні́ва, ‑ы, ж.
1. Апрацаванае пад сяўбу або засеянае поле. У рукі ўласныя свой лёс Узяў народ вольналюбівы, На вогнішчах палацы ўзнёс, Ператварыў балоты ў нівы. Крапіва. У збожжа ўсякае ніва прыбралася, — Хараства там якога няма! Купала. // Пра збажыну, якая расце на полі. Нерухомыя разлівы пшанічнай нівы нібы абсыпаліся драбнюткімі бліскаўкамі. Беразняк.
2. перан. Галіна дзейнасці. — Жадаю поспехаў на высакароднай ніве асветы, — пакланіўся .. [аграном] Рыце. Васілевіч. Піліп Пестрак раней за Танка выйшаў на літаратурную ніву. У. Калеснік.
нівелі́р, ‑а, м.
Спец. Геадэзічны інструмент для вызначэння вышыні розных пунктаў зямной паверхні.
[Фр. niveler.]
нівелі́раванне, ‑я, м.
1. Спец. Дзеянне паводле дзеясл. нівеліраваць (у 1 знач.).
2. Дзеянне паводле дзеясл. нівеліраваць (у 2 знач.).
нівелі́равацца, ‑руецца; зак. і незак.
1. Знішчыцца (знішчацца), згладзіцца (згладжвацца), страціўшы свае асаблівасці. Пад.. уплывам [літаратурнай мовы] згладжваюцца, нівеліруюцца дыялектныя асаблівасці. «Полымя».
2. толькі незак. Зал. да нівеліраваць.
нівелі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.
1. Спец. Вызначыць (вызначаць) вышыню пунктаў зямной паверхні над узроўнем мора або адносна якой‑н. пэўнай вышыні. Нівеліраваць мясцовасць.
2. перан. Знішчыць (знішчаць), згладзіць (згладжваць) розніцу паміж кім‑, чым‑н.
нівелі́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да нівеліра. Нівелірная трубка. // Які выконваецца з дапамогай нівеліра. Нівелірныя работы.
нівеліро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
1. Спец. Дзеянне паводле дзеясл. нівеліраваць (у 1 знач.).
2. Дзеянне паводле дзеясл. нівеліраваць (у 2 знач.). Як вядома, савецкай літаратуры, у якой незвычайнае багацце талентаў, заўсёды была чужая нівеліроўка творчай індывідуальнасці мастака. Кучар.
нівеліро́ўшчык, ‑а, м.
Спецыяліст па нівеліраванню (у 1 знач.), нівеліроўцы (у 1 знач.).
ніво́дзін, ніводнага, займ. адмоўны.
Тое, што і ніводны. Было ціха, не варушыўся ніводзін лісток на ігрушы. Шамякін. Ужо без Волькі не абыходзіўся ніводзін сход: крыху па абавязку — што камсамолка, а болей па сваёй ахвоце. Калюга.