Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неэфекты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неэфектыўнага. Неэфектыўнасць метаду.

неэфекты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае, не дае эфекту. Неэфектыўны спосаб.

неядо́мы, ‑ая, ‑ае.

Непрыдатны для ежы. Неядомыя грыбы.

не́як,

1. прысл. Нейкім чынам, спосабам. Апошні зубр, які адбіўся ад статка.. і якому пашанцавала неяк застацца на волі, быў у 1919 годзе забіты ў пушчы браканьерамі. В. Вольскі. [Віктар:] — Ці не пусцілі б вы ў.. [хату] хлопца аднаго на які месяц ці два. Дроў мы неяк прыдбаем. Зарэцкі. // Чамусьці. Неяк нязвыкла глядзець на апушаныя снегам кусты чаромхі, якія паспелі апрануцца ў зеляніну. Ігнаценка.

2. прысл. Аднойчы. Неяк у вольны дзень пайшлі [Міколка з дзедам] рыбу лавіць на раку. Лынькоў. Выйшаў неяк Апанас з кузні, прысеў на бервяно, што ляжала ля жалезнага ламачча. Даніленка.

3. безас. у знач. вык., з інф. Разм. Нельга, няма як. [Віця:] — Ну, гайда са мной?.. [Аўгінька:] — Хату неяк кінуць адну, а то б.. пайшла... Ды і малых нешта няма. Зарэцкі.

неяскра́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены яскравасці. Неяскравыя фарбы.

2. перан. Няясны, невыразны. Што гэта — мроя ці абрыўкі ўспамінаў слабых і неяскравых з далёкага маленства... Гроднеў.

ні, часціца і злучн.

1. часціца ўзмацняльная. Ужываецца ў адмоўных сказах, указваючы на поўную адсутнасць чаго‑н. На небе ні хмурынкі. □ Сяло.. праехалі хутка — навокал ні душы. Ставер. — Ваша праўда, — заглянуўшы ў кабіну, механік развёў рукамі. — У баках ні кроплі гаручага! Алешка. // Узмацняе адмоўе. Раніца была сухая. Нідзе ні расінкі. Чарнышэвіч. [Міхля:] — Нідзе нікога, ні аднаго чалавека. Баранавых.

2. часціца ўзмацняльная. Ужываецца ў даданых сказах, каб падкрэсліць, што дзеянне галоўнага сказа захоўвае сваю сілу пры любых абставінах. Куды ні глянь — усё сэрцу родна. Гурло. Як ні шукалі партызаны Хведара Дудзько, нідзе не знайшлі. Пестрак. [Міканор:] — Як бы ні працівіліся халады, а прырода сваё возьме. Кулакоўскі. // Узмацняе або абагульняе пры аднародных членах сказа папярэднія сцвярджальныя сказы. Тоця так і жыве з таго часу адна — ні ў жонках, ні ў дзеўках. Ракітны.

3. часціца адмоўная. Ужываецца ў спалучэнні з Р назоўнікаў у безасабовых адмоўных сказах пры катэгарычнай забароне якога‑н. дзеяння. Ні слова больш! Стой! Ні кроку ўперад. // (у спалучэнні «ні-ні»). Абазначае: а) катэгарычную забарону якога‑н. дзеяння. — Ты, Міхась, толькі — маўчок пра Валю, — сказаў Тарас, прыклаўшы палец да губ, — і пра пісьмо, што яна мне напісала, — ні-ні... Якімовіч; б) поўную адсутнасць якой‑н. дзейнасці. Лепшае каровы не было, бадай, ва ўсіх Кузьмічах.. У шкоду ні-ні. Б. Стральцоў.

4. злучн. пералічальны. Ужываецца ў адмоўных сказах пры пералічэнні: а) пры наяўнасці адмоўя. Ужо не чуваць ні стуку колаў, ні гоману. Пестрак. Не, не даедуць тыя грузавікі ні за восем гадзін, ні за восем дзён! Мележ. Ні бацька, ні брат дамоў не вярнуліся. Якімовіч; б) пры ўяўным адмоўі. Прыйшлі людзі з лесу на голае месца: ні хаты, ні хлеба, ні жывёлы, ні інвентару. Крапіва. Ні пробліску ў цёмным небе, ні зоркі. Краўчанка.

•••

Ні на ёту гл. ёта.

ні..., прыстаўка.

Ужываецца пры ўтварэнні адмоўных займеннікаў і прыслоўяў, напрыклад: ніхто, нішто, нічый, нідзе, ніколі. // Аддзяляецца ад адмоўных займеннікаў пры спалучэнні з прыназоўнікамі. [Кухар] нікому не скардзіўся, ні на каго не наракаў і ні з кім не хацелася яму гаварыць. Крапіва.

ніадку́ль, прысл.

Ні з якога месца, ні з якога боку. [Маці] усю ноч не спала. Усё прыслухоўвалася, углядалася ў цемру — ніадкуль ніхто не ішоў. Ставер.

нібы́, злучн. і часціца.

1. злучн. параўнальны. Ужываецца ў параўнальных зваротах і сказах пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару; па значэнню адпавядае злучніку «як». — Валенты Скіба, — назваў стары сваё імя і прозвішча, і абодва мы, нібы старыя, добрыя знаёмыя, усміхнуліся. Брыль. І гул нарастаць стаў, нібы пры абвале. Панчанка. Застыў пан Богут нерухома, Нібы прыбіў яго пярун. Колас. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару ў значэнні злучнікаў: «быццам», «як быццам», «як быццам бы». Нібы на ўзмыленым кані, Віхор аблётвае прасторы. А. Александровіч. З.. [айцом Уладзімерам] быў Віктар і незнаёмы малады чалавек, смуглявы, мускулісты, нібы высечаны з каменя. Колас. У акне неспакойна мільгаў цьмяны бляск газнічкі, нібы там мітусіліся якія цені, раз-пораз засцячы святло. Лынькоў. // У гэтым жа значэнні ўжываецца для сувязі параўнальных зваротаў і сказаў з адценнем меркавання, сумнення; па значэнню набліжаецца да злучнікаў «як бы», «нібыта». Пастаяўшы крыху на месцы, нібы ў задуменні, зубр рушыць далей, абрываючы мімаходам маладыя галінкі ясеня. В. Вольскі. Леначка прыпала тварам да маіх грудзей, нібы хаваючы яго і ад мяне і ад сябе. Брыль. У мацеры... такія дзіўныя вочы, нібы глядзяць і не бачаць яго, яе Міколку. Лынькоў.

2. злучн. тлумачальны. Ужываецца для падпарадкавання: а) даданых азначальных сказаў. Заліты бляскам пажару, .. [панскі палац] робіць уражанне, нібы ён у агні. Колас. Паабапал дарогі старыя прысады з голым апруцянелым галлём стаяць маўклівыя і задуманыя, нібы ўспамінаюць сваю нядаўнюю летнюю прыгажосць. Крапіва; б) даданых дапаўняльных, дзейнікавых і выказнікавых сказаў. Кажуць, што немец лютуе ўжо аж пад самым Мінскам, нібы нашы адступаюць і пакінулі багата гарадоў. Лынькоў. Першае ўражанне ад саўгаса такое, нібы вы трапілі на нейкую новабудоўлю. Крапіва; в) даданых сказаў меры і ступені, характару і спосабу дзеяння. І стала [Толю] адразу чамусьці так горача, весела, добра, нібы ён фарсіраваў нейкі нялёгкі, запаветны рубеж. Брыль. [Нічыпар:] Калі разгаворыцца [Чарнавус], дык люба слухаць.. Так дакладна раскажа, нібы ён сам быў пры гэтым. Крапіва.

3. часціца. Указвае на ўмоўна-ўяўную дапушчальнасць, няўпэўненасць выказвання. Сонца пачырванела і нібы растала ў кіпелі хмар. Новікаў. Усе ўбачылі, як далёка-далёка, то разгараючыся, то нібы згасаючы, успыхвае агонь. Скрыпка. Здалёк данесліся нібы людскія галасы і зніклі, праглынутыя начным туманам. Лынькоў.

4. часціца. Указвае на наўмысны характар выказвання, неадпаведнасць яго рэальным фактам, намерам. [Даўгілыч:] — Шчасце тваё, што стары, а то я паказаў бы, як станавіцца поперак дарогі. — Макар Міхайлавіч нібы і не чуў пагрозы. Мяжэвіч.

нібы́та, злучн. і часціца.

Тое, што і нібы. Заходжу ў бор, нібыта ў храм. Матэвушаў. Так... Нішто не забыта... Колькі год адышло, А здаецца, нібыта Толькі ўчора было. Бачыла. Стары Клыбік вельмі ганарыўся сынам, які ў арміі нібыта пісарам быў і заадно падвучыўся там цягаць гармонік. М. Стральцоў.