нагавары́цца, ‑варуся, ‑ворышся, ‑ворыцца; зак.
Разм. Пагаварыць многа, уволю. А калі нагуляліся і нагаварыліся, госці селі за стол. Колас. Згаснуць зоркі, схаваецца месячык за хмару, а моладзь не можа нагаварыцца... Чарот. Быццам памаладзееш, як нагаворышся аб далёкім ды навекі блізкім юнацтве. Кулакоўскі.
нагавары́ць, ‑вару, ‑верыш, ‑верыць; зак.
1. чаго і без дап. Сказаць многа чаго‑н. Нагаварыць непрыемнасцей. □ Дзед раптам спахапіўся і змоўк, нібы баючыся, што нагаварыў лішняга. Шуцько. Ну і гора з гэтай Касяй! Нагаворыць за траіх, Нашуміць за семярых! Агняцвет.
2. на каго і без дап. Узвесці паклёп, напляткарыць. [Папас:] — Ну і нагаварыў жа сам нехта, дык нагаварыў. Мана ўсё гэта. Галавач. — Чуў я, жаніцца збіраешся? — Маліны светла-шэрымі праніклівымі вачыма дапытліва і з хітрынкай паглядзеў на Тураўца. — Паклічаш? .. Яны сціхлі. Туравец падумаў, хто б гэта мог нагаварыць на яго. Мележ.
3. што. Запоўніць (пласцінку, плёнку і пад.) якім‑н. тэкстам. Нагаварыць пласцінку.
4. што. Разм. У забабонных людзей — нашаптаць заклінанняў на што‑н.
•••
Нагаварыць сорак бочак арыштантаў — расказаць шмат неверагодных гісторый.
нагаві́цы, ‑аў; адз. няма.
Разм. Штаны. Апрануты быў [Шэмет] у шэры даматканы курцік, перацягнуты путам, і зрэбныя, да калень.. нагавіцы. Лобан.
нагаві́чкі, ‑чак; адз. няма.
Разм. Памянш.-ласк. да нагавіцы; дзіцячыя нагавіцы.
нагаві́чны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да нагавіц. Нагавічны пояс. // Прызначаны для шыцця нагавіц. Нагавічны матэрыял.
нагаво́р, ‑у, м.
1. Паклёп, данос. Сам арышт [Багуцкага], відаць, адбыўся па пагавару Клопікава. Лынькоў. [Марына Аляксееўна:] — Нагавор — што смала — нялёгка адмываецца. Шамякін.
2. Заклінанне, якое па ўяўленню забабонных людзей мае магічную сілу.
нагаво́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад нагаварыць.
нагаво́рвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да нагаворваць.
нагаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да нагаварыць.
нагаво́рны, ‑ая, ‑ае.
Які набыў пасля нагавору (у 2 знач.) чарадзейныя ўласцівасці. Нагаворная вада. // Які можа ўнушыць любоў да каго‑н. Нагаворнае зелле.