малда́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Малдавіі, малдаван. Малдаўскі народ. Малдаўская мова. Малдаўскі каньяк.
мале́бен, ‑бна, м.
1. Кароткае набажэнства за чыё‑н. здароўе, поспехі, а таксама па нябожчыках. Малебны ксяндзы па касцёлах Спраўляюць за ўдовіны злоты. Купала.
2. перан. Разм. Дакучлівае навучанне, настаўленні.
мале́кула, ‑ы, ж.
Найменшая частачка рэчыва, якая захоўвае яго асноўныя хімічныя ўласцівасці.
[Фр. molécule ад лац. moles — маса.]
малекуля́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да малекулы. Малекулярны рух. // Які мае адносіны да вывучэння малекул. Малекулярная тэорыя.
мале́льня, ‑і, ж.
Памяшканне або пакой, у якім моляцца (пераважна ў сектантаў і нехрысціян.)
мале́нечкі, ‑ая, ‑ае.
Вельмі маленькі. Нават маленечкі Паўлюк Рылка, самы меншы ў школе, горда нёс рыдлёўку, згінаючыся ад яе цяжару. Колас.
мале́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. маліцца; малітва (у 1 знач.).
2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. маліць; просьба, мальба.
мале́нства, ‑а, н.
Дзіцячы ўзрост; дзяцінства. Шкада было расставацца з роднай школай, дзе ўсе хлопцы былі свае, знаёмыя з маленства. Чарнышэвіч. Маленства кут, бацькоўская старонка Былі відаць з любой далечыні... Бялевіч.
мале́нькі, ‑ая, ‑ае.
1. Нязначны па велічыні, памерах; невялічкі. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. На маленькім дворыку пахла вільгаццю. Асіпенка. // Невялічкі ростам. Суровасць ніяк не пасуе да гэтай маленькай і рухавай, як жывое срэбра, жанчыны. Лынькоў. // Кароткі, немнагаслоўны. У маленькай запісцы, якую разведчык падаў камандзіру, коратка гаварылася аб тым, што гэтай ноччу хлопцы, нарэшце, дабіліся выніку: ахова знята, мост спалены. Брыль. [Гарлахвацкі:] Напішыце маленькую заяўку, а я палажу рэвалюцыю, каб вам прыбавілі зарплаты. Крапіва.
2. Малалетні. Уцеха ёсць адна ў Марыны — Яе маленькі пестунок. Колас. [Багуцкі:] — Мы не маленькія з вамі, у жмуркі мы гуляць, відаць, не збіраемся. Лынькоў. // у знач. наз. мале́нькі, ‑ага, м.; мале́нькая, ‑ай, ж. Дзіця. Ніна Аляксееўна прыйшла [на вяселле] са сваім маленькім. Шамякін.
3. Невялікі па сіле праяўлення, нязначны. Маленькі марозік. □ Кожнай доменнай печы Маленькая ўспышка Для цябе асвятляе Паўзмрочны забой. Аўрамчык. / у знач. наз. ма́ленькае, ‑ага, н. [Дырэктар:] — Мне хацелася б цяпер хоць бы самага маленькага: прайсці па заводзе, і каб кожны рабочы з радасцю сустрэў цябе. Скрыган. // Які не мае істотнага значэння. Справа толькі тут была ў маленькай розніцы: раней грамадскае слова Мікалая выражалася сапраўды ў слове — у адным, у двух. .. А тут — прамову трэба было гаварыць. Якімовіч. // Які мае малую ступень чаго‑н. істотнага, важнага. Так хацелася Коху.. напасці хоць на маленькі след таемнага і няўлоўнага дзядзі Косці. Лынькоў.
4. Які займае невысокае службовае або грамадскае становішча. [Зося:] — Я маленькі чалавек, Антон Кузьміч. Прыёмшчыца арцелі. Шамякін.
малескі́н, ‑у, м.
Вельмі шчыльная баваўняная тканіна (звычайна цёмнага колеру), з якой шыюць рабочае і спартыўнае адзенне; «чортава скура».
[Англ. moleskin ад mole — крот і skin — скура.]