жыцця... (гл. жыцце...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая ўжываецца замест «жыцце...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: жыццядзейны, жыццяздольны, жыццялюб.
жыццядзе́йнасць, ‑і, ж.
1. Сукупнасць жыццёвых функцый арганізма.
2. перан. Дзейнасць, функцыяніраванне чаго‑н. Жыццядзейнасць чалавечага грамадства.
жыццядзе́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны выконваць жыццёвыя функцыі. Жыццядзейныя органы.
2. перан. Дзейны, энергічны, рухавы. Жыццядзейны чалавек.
жыццяздо́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць жыццяздольнага. Жыццяздольнасць арганізма. □ К. Чорны добра разумеў, што ў любві да Радзімы, у жыватворным савецкім патрыятызме — адна з важнейшых крыніц жыццяздольнасці і непераможнасці нашай краіны. Кудраўцаў.
жыццяздо́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны падтрымліваць і захоўваць жыццё (у 2 знач.).
2. перан. Здольны існаваць і развівацца; прыстасаваны да жыцця (у 7 знач.). Жыццяздольны калектыў. Жыццяздольныя расліны.
жыццялю́б, ‑а, м.
Той, хто любіць жыццё. Я не мог сабе ўявіць, што гэты чалавек — такі жыццялюб, такі вечна бадзёры, можа памерці. Шамякін.
жыццялю́бства, ‑а, н.
Любоў да жыцця. Нас цікавіць жыццялюбства Васіля, спакойнае ўзважванне ўсіх танцаў на выратаванне, а потым дзеянні, па-салдацку імклівыя і беспамылковыя. Кучар.
жыццяпі́с, ‑у, м.
Апісанне чыйго‑н. жыцця; біяграфія. Вася адным дыханнем выпаліў увесь свой нядоўгі жыццяпіс. Мележ.
жыццяра́даснасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан жыццярадаснага, радаснае адчуванне жыцця; вясёлы, бадзёры настрой. Прырода, вясна і маладосць напоўнілі .. [хлопцаў] жыццярадаснасцю. Маўр.
жыццяра́дасны, ‑ая, ‑ае.
Які радуецца жыццю, любіць яго. Прыборны быў вясёлы, жыццярадасны чалавек. Рэдка якая няўдача засмучала яго. Шамякін. Марылька гэтакая была жыццярадасная, гэтакая вясёлая. Чорны. // Які выражае жыццярадаснасць; вясёлы. Смех, вясёлыя галасы, шорганне ног, музыка, лёгкае шапаценне кранутага вячэрнім ветрам лісця ліп і каштанаў — усё злівалася ў невыразную, але жыццярадасную сімфонію. Хадкевіч. Вясёлы і жыццярадасны твар Ілонкі раптам спахмурнеў, як быццам на яснае сонца набегла воблачка. Краўчанка.