Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

паручы́цельскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паручыцеля. Паручыцельскі подпіс.

паручы́цельства, ‑а, н.

Парука каго‑н. за выкананне кім‑н. патрабаванняў, абавязкаў, якія ўскладаюцца на яго, прад’яўляюцца да яго. Не было тут толькі тых, хто знаходзіўся да суда на волі пад грашовым залогам або былі пад чыім-небудзь паручыцельствам. Машара. А галаву свідравала адна пакаянная думка: «Навошта я браў паручыцельства ў Пазняка?» Дуброўскі.

паручы́цца, ‑ручуся, ‑ручышся, ‑ручыцца; зак.

Даць паруку за каго‑, што‑н. у чым‑н. [Начальнік:] — Толькі глядзі, каб не падвяла мяне. Ты ж чула, я паручыўся за цябе. Сабаленка. Навязваць жа людзям сваю волю, вымагаць ад іх, каб яны рабілі іменна так, а не іначай, мы не маем права, бо хто можа паручыцца за тое, што мы не памыляемся? Колас.

паруша́льнік, ‑а, м.

Той, хто парушае якія‑н. законы, звычаі, парадкі і пад. Парушальнік дысцыпліны. □ Ноччу ўзнімалася страляніна, і ўсе дарослыя людзі дапамагалі пагранічнікам вылоўліваць парушальнікаў. Дзенісевіч.

паруша́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да парушальнік.

пару́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад парушыць.

паруша́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да парушаць.

паруша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да парушыць.

парушы́на, ‑ы, ж.

Маленькая часцінка чаго‑н.; парушынка. Мікіта Уласавіч стаяў збоку і толькі часта-часта маргаў вейкамі, нібы ў вочы яму трапіла нейкая парушына. Шуцько.

•••

Быць парушынай у воку гл. быць.

парушы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Маленькая часцінка чаго‑н.; пылінка. Гукан зняў з пяра пазногцем парушынку, акуратна падпісаў і прамакнуў. Шамякін. У пасках святла, якія коса з акна ў вугал перасякалі хату, варушыліся драбнюткія парушынкі. Навуменка.