Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

парасо́ль, ‑я, м.

Спец. Самалёт-манаплан з крылом, устаноўленым над корпусам.

[Фр. parasol, ад лац. paro — адбіваю і sol — сонца.]

парасо́н, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для засцярогі ад дажджу і сонца ў выглядзе замацаванага на палцы складнога каркаса, абцягнутага матэрыялам. Сыпаў дождж, і над галовамі людзей раскрываліся чорныя парасоны. Арабей. Каля домікаў стаялі плеценыя крэслы і столікі пад вялікімі каляровымі парасонамі. Шамякін. // Тое, што па форме нагадвае такое прыстасаванне. Спускаліся ў паветры белыя парасоны парашутаў. Лынькоў. Над дзюнамі над соннымі сасонкі — парасонамі. Вялюгін. Сінее ў далечы загон, Рака між вольх пятляе, Нябёс блакітны парасон Вісіць шатром над краем. Матэвушаў.

2. Стрэшка над чым‑н.

3. Спец. Суквецце з некалькіх кветак на кветаножках, якія разыходзяцца прамянямі ад верхавіны сцябла. З першай кветкі На другую, Праляцеўшы трохі, — скок! Парасон яе прыгнула, Запусціла хабаток [пчолка]. Калачынскі.

[Фр. parasol.]

парасо́навыя, ‑ых.

Сямейства раслін, суквецце якіх мае форму парасона.

парасонападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны па форме да парасона. Парасонападобныя елкі.

парасо́нік, ‑а, м.

1. Памянш. да парасон (у 1, 2 знач.).

2. Тое, што і парасон (у 3 знач.).

парасо́ністы, ‑ая, ‑ае.

Які нагадвае сваім выглядам парасон; парасонападобны. Парасоністая пальма.

параспако́ўваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад параспакоўваць.

параспако́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Распакаваць усё, многае.

параспа́рваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад параспарваць.

параспа́рвацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Распарыцца — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх.