Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

па́ранне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле дзеясл. парыць (у 1, 2, 4, 5 і 6 знач.) і парыцца (у 1, 2 знач.).

парано́ік, ‑а, м.

Чалавек, хворы на паранойю.

парано́йя, ‑і, ж.

Хранічнае душэўнае захворванне, якое характарызуецца ўстойлівым трызненнем пры захаванні ў астатнім лагічнасці мыслення.

[Грэч. paránoia — вар’яцтва.]

па́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад парыць.

2. у знач. прым. Бараны або печаны ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары ​2. [Тарас Тарасавіч] стаў надта набожны. Пасціў сам і нас прымушаў есці параны з соллю боб і талакно. Асіпенка. [Маці] паволі замешвала парсюку параную бульбу з пасечанай травою. Кавалёў.

3. у знач. прым. Апрацаваны парай ​2, варам (для ачысткі, размякчэння і пад.). А потым — цэлы дзень амаль загінаў параныя чаўнакі Пракоп на капылы новых саней. Баранавых. Было горача, чамусьці пахла ў хаце свежым хлебам і паранымі венікамі. Лупсякоў.

4. у знач. прым. Кіпячоны (пра малако). Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч.

5. у знач. наз. па́ранае, ‑ага, н. Пра страву, вараную або печаную ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары ​2. — А ў яго [Валодзі] будзе цяпер смажанага і паранага, ды і грошы завядуцца, калі не будзе дурнем. Машара.

парападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца ў стане пары ​2; падобны па сваіх ўласцівасцях да пары ​2.

парапарава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад парапараваць.

парапарава́ць, ‑парую, ‑паруеш, ‑паруе; зак., што.

Разм.

1. Рапараваць некаторы час.

2. Паправіць, адрамантаваць усё, многае. Парапараваць абутак.

парапераграва́льнік, ‑а, м.

Спец. Апарат у кацельным агрэгаце, прызначаны для атрымання перагрэтай пары ​2.

парапе́т, ‑а, М ‑пеце, м.

1. Невысокая сцяна, агароджа ўздоўж моста, набярэжнай і пад. Першы мост цераз Марачанку — праз два кварталы. Гнілы ўжо, учарнелы. Андрэй прыпыніўся на ім, за парапет зірнуў. Лобан. І, як вокам кінуць, утульны пясчаны бераг ад гранітнага парапета прыбярэжнай вуліцы да самага пеністага прыбою быў запознены людзьмі. Лынькоў.

2. Уст. Вал, насып у цытадэлях, крэпасцях для аховы ад ворага.

[Іт. parapetto.]

парапе́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да парапета, парапетаў.