папу́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Спутаць усіх, многіх. Абраўшы месца, мы паадпрагалі коней, папуталі іх і, абганяючыся ад камароў, пачалі раскладаць агонь... Скрыган.
папу́хнуць, ‑не; ‑нем, ‑неце, ‑нуць; зак.
Апухнуць — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. [Стракапытаў:] Зямлю падымаць трэба, іначай жонкі і дзеці, усе, усе папухнуць з голаду. Маўзон. Асвойтаўшыся, [гледачы] падганялі артыстаў: «Не драміце! Ногі папухлі, стоячы!» Місько.
папу́ша, ‑ы, ж.
Скрутак тытунёвага лісця. Дзед ссякаў .. [тытунь] сякераю, цягаў на гару, развешваў яго там, каб пасля, як падсохне, абарваць лісты, звязаць іх у ёмкія папушы, папярэдне пераклаўшы кожны ліст нейкай духмянай травою. Сачанка. [Міхал:] Я куру толькі самасад. Прывык. А сёння папуша слабая пад рукі папалася. Пташнікаў.
[Рум. păpusă.]
папу́шны, ‑ая, ‑ае.
Звязаны ў папушы. Папушны тытунь.
папха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм.
1. Запхнуць куды‑н., у што‑н. усё, многае. Папхаць рэчы ў чамадан.
2. Штурхаючы, прымусіць ісці, рухацца ў якім‑н. напрамку. — А можна плыцік зрабіць каля вострава, — не здаваўся Віця. — Пагрузім рэчы на плыцік і папхаем перад сабою. Місько.
3. і без дап. Пхаць некаторы час.
папхну́ць, ‑пхну, ‑пхнеш, ‑пхне; ‑пхнём, ‑пхняце; зак., каго-што.
Разм. Пхнуць, штурхнуць. Праходзячы каля палоннага, Крыстэль абавязкова старалася зачапіць яго, папхнуць худою загарэлай ручкай ці тузануць за мундзір і адбегчыся, нібы просячы: «Ану, дагані!» Брыль.
папылі́ць, ‑пылю, ‑пыліш, ‑пыліць; зак.
Разм. Пайсці, паехаць, узнімаючы пыл. Шафёр махнуў на развітанне рукой, і «Масквіч» папыліў далей па дарозе ў горад. Курто. Санька не даслухаў, таропка крутнуўся на месцы і шпарка, ледзьве не подбегам, папыліў назад у вёску. Савіцкі.
папы́рскацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Папырскаць сябе чым‑н. Папырскацца духамі.
2. Пырскацца некаторы час.
папы́рскаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што і без дап. Злёгку апырскаць, пакрыць пырскамі. Папырскаць кветкі вадой. □ Калі Мірон скончыў стрыгчы, я заўважыў, што ён зрабіўся нейкім змрочным. Нават не папырскаў адэкалонам і забыў узяць грошы. Нядзведскі.
2. Пырскаць некаторы час. Дождж папырскаў крыху і сціх.
папы́рскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чым і без дап.
Пырскаць злёгку, час ад часу. Пакуль на кухні папырсквала смажаніна ды рэзаліся агуркі, Баляслаў не ведаў, што гаварыць. «ЛіМ».