Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

папулярызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. Зрабіць (рабіць) папулярным, даступным што‑н. Папулярызаваць навуковыя вывады.

2. Зрабіць (рабіць) шырока вядомым, распаўсюджаным. Папулярызаваць новы метад. □ Савецкія людзі, дасягнуўшы новага поспеху, імкнуцца папулярызаваць перадавы вопыт, зрабіць яго здабыткам народа. «Беларусь». Слоўнік Вярынды прызначаўся папулярызаваць царкоўнаславянскую мову, занядбаную і незразумелую тагачаснаму насельніцтву Украіны і Беларусі. Шакун.

папулярыза́тар, ‑а, м.

Той, хто папулярызуе што‑н., займаецца папулярызацыяй чаго‑н.

папулярыза́цыя, ‑і, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. папулярызаваць.

папуля́цыя, ‑і, ж.

Спец. Сукупнасць асобін аднаго віду жывёл або раслін, якія займаюць пэўную тэрыторыю і ўзнаўляюць сябе на працягу вялікай колькасці пакаленняў.

[Ад лац. populus — насельніцтва.]

папунсаве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць, зрабіцца пунсовым. — Каля вас можна сесці? — раптам пачула дзяўчына незнаёмы голас. Яна ўзняла галаву і ад пытлівага позірку вялікіх чорных вачэй папунсавела. Сіняўскі.

папуры́, нескл., н.

Музычны твор з урыўкаў розных агульнавядомых песень, мелодый. Слава Байдакоў выканаў на акардыёне пануры з вядомых песень. Навуменка.

[Фр. pot pourri.]

папуска́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да папусціцца.

папуска́ць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да папусціць.

папуска́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Пусціць куды‑н. усіх, многіх. Салдаты папускалі коней, не рассядлоўваючы іх. Пестрак.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Даць парасткі. Са стволікаў [кустоў] звісаюць фантастычныя рыжыя бароды танюсенькіх каранёў — папускала лаза ў паводку. Місько.

папусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

1. Уступіць у чым‑н., адступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Ведаў [Казік], што ўсё адно маці не папусціцца, настаіць на сваім, і ён ляжа спаць, як заўсёды, роўна ў дзевяць. Шыловіч.

2. Даць сябе ў крыўду. — Не будзе гнаць [ляснічы] цябе за слова: Няма прычын. А папусціся, Тады ідзі ды хоць тапіся. Колас. У крыўду ніхто цябе не дапусціць, дый сам ты не папусцішся. Шынклер.

3. Разм. Дапусціць, дазволіць што‑н. Сёння .. [Васіль] да спадобы Галіне. Можа, таму яна і папусцілася, калі ён у Ваўкаўні папраўляў у яе лыжы. Пташнікаў.

папусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. што, у чым. Уступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Я свайго не папушчу. □ Для Паходні касьба была першым сур’ёзным іспытам. Не дагледзець чаго, папусціць у дысцыпліне, пра якую вядзе размову штодня, — пойдзе так і ў жніво, і далей. Хадкевіч. // Разм. Тое, што і папусціцца (у 2 знач.). — О, як вы законы добра ведаеце, — сярдзіта крыкнуў Язэп, — скулу вам, а не штраф.. Гэта здзекі з мяне. Я не папушчу. Чарот.

2. што. Адпусціць, аслабіць, зрабіўшы даўжэйшым. Папусціць канцы вяроўкі. □ Я асцярожна ўзяў у рукі вудзільна і папусціў.. Але варта мне было аслабіць вуду, як паплавок кульнуўся і пайшоў на дно. Ляўданскі.

3. чым. Кінуць з размаху; запусціць. Папусціць каменем. □ [Чалавек] папусціў ламачынаю і якраз ўцэліў: востры сук сухой старадрэвіны разануў сабаку па баку. Чорны.

•••

Не папусціць у крыўду каго — тое, што і не даць у крыўду каго (гл. даць).

Папусціць лейцы — паслабіць увагу, патрабаванне, пільнасць.