Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

папрыко́лваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прыкалоць што‑н. у многіх месцах, прыкалоць усё, многае. Гэлька.. павесіла на сцяну сваю вышытую тканіну, папрыколвала невялічкія кавалачкі рознага вышывання, паглядзела на ўсё. Сташэўскі.

папрыко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Прыкаваць усё, многае або ўсіх, многіх.

папрыко́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прыкаціць, даставіць куды‑н. усё, многае. Папрыкочваць бочкі.

папрыкру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прыкруціць, прымацаваць, замацаваць усё, многае. Папрыкручваць клямкі да дзвярэй. □ [Дошкі] бацька дротам папрыкручваў, мой багаж вяроўкай да дошак прымацавалі. Дубоўка.

папрыкрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Прыкрыць усё, многае або ўсіх, многіх. Папрыкрываць кусты памідораў. Папрыкрываць дзяцей ад дажджу посцілкамі.

папрыла́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прыладзіць, прырабіць да чаго‑н. усё, многае. Папрыладжваць замкі да дзвярэй.

папрыле́плівацца, ‑аецца; зак.

Прыляпіцца — пра ўсё, многае. Лісце папрылеплівалася да тратуара.

папрыле́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прыляпіць што‑н. у многіх месцах, прыляпіць усё, многае.

папрыліпа́ць, ‑ае; зак.

Прыліпнуць — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае; прыліпнуць у многіх месцах. На дварэ горача было, валасы на лбе папрыліпалі. Лобан. [Павуціне] папрыліпала да калматай курткі і штаноў, — яе не ачысціш і шчоткай. Пташнікаў.

папрылята́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

Прыляцець — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Аднекуль наляцелі пчолы, папрыляталі камары. Мурашка.