Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

папрамака́ць, ‑ае; зак.

Прамокнуць — пра ўсё, многае або пра ўсіх, многіх.

папрамо́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прамачыць усё, многае.

папрамыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прамыць усё, многае. Вада папрамывала дамбу ў многіх месцах.

папрапада́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Згубіцца, прапасці — пра ўсё, многае. Папрападалі рэчы.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць, перастаць існаваць — пра ўсё, многае. Цяпер, калі зірнуць на.. поле, дык яго і не пазнаць: папрападалі межы, а з імі і вузкія шнуры. Колас. [Ева:] — Гляджу, пагладчэлі мае цяляты,.. і лішаі папрападалі. Палтаран.

3. Загінуць, памерці — пра ўсіх, многіх. [Ткачук:] — Бачым, не пройдзем, папрападаем усе. Быкаў. — Шкода ж, папрападаюць малыя, — не здавалася, вяла гаворку пра сваё маці. Сачанка.

папрапа́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Прапаліць што‑н. у многіх месцах, прапаліць усё, многае. Папрапальваць адзежу.

2. і ў чым. Прапаліць, выпаліць ва ўсіх, многіх печах.

папрапіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Прапіць усё, многае або ўсіх, многіх. [Грында:] — У Мінску цэлы квартал дамоў у .. [майго бацькі] быў. Ды сніўся.. папрапіваў усе дамы. Колас.

папрапіха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прапхнуць усё, многае.

папрапо́лваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прапалоць, апалоць усё, многае. Папраполваць грады.

папрапо́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Прапароць што‑н. у многіх месцах, прапароць усё, многае. Папрапорваць шыны. Папрапорваць ногі на калючы дрот.

папрапуска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Прапусціць усіх, многіх або ўсё, многае, даць прайсці, праехаць усім, многім. Папрапускаць пешаходаў.

2. Прасунуць, працягнуць праз што‑н. усё, многае. Папрапускаць правады праз адтуліны.

3. Зрабіць многа пропускаў. Папрапускаць радкі. Папрапускаць заняткі.