Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

папо́ўнены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад папоўніць.

папо́ўніцца, ‑ніцца; зак.

Стаць больш поўным ад дабаўлення чаго‑н.; павялічыцца. Неўзабаве атрад напоўніўся новымі байцамі. Залескі. Вучэбныя майстэрні папоўніліся новым абсталяваннем. «Весці».

папо́ўніцы, прысл.

Разм. На поўны рот, прагна (есці). Смачна апёкшы рот і ўсё нутро пахучай, моцнай вадкасцю, Іван пачаў жаваць папоўніцы. Брыль. Яўхім і Даніла слухалі гаворку і ўміналі папоўніцы свежы пшанічны хлеб. Пальчэўскі.

папо́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Зрабіць больш поўным, дабавіўшы чаго‑н.; павялічыць. Папоўніць роту. □ Багатыя ваенныя трафеі напоўнілі арсенал пераможцаў. Кухараў. Марта паспяшыла папоўніць закуску смятанаю з блінцамі. Гартны.

папо́ўскі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да папа, належыць папу. Вопратка на .. [Гарасіме] была не то папоўская, не то дзякоўская. Чарнышэвіч. Напроці школы і папоўскі дом быў — акно ў акно. Калюга.

папо́ўства, ‑а, м.

Разм. Занятак, пасада папа. Бацька .. [Сяргея Антонавіча] быў папом і хацеў да папоўства прыгатаваць сына і таму аддаў яго, пасля чатырох год гімназіі, у навучанне ў духоўную семінарыю. Галавач.

папо́ўшчына, ‑ы, ж.

1. Адзін з напрамкаў у стараверстве.

2. Рэлігійна-містычныя погляды, вераванні і забабоны, якія падтрымлівае царква. Філасофія, якая вучыць, што сама фізічная прырода ёсць вытворнае, — ёсць чысцейшая філасофія папоўшчыны. Ленін.

папо́цемку, прысл.

Тое, што і папацёмку. Яны выйшлі ў бакоўку і там папацёмку закурылі. Чорны.

папрабава́ць, ‑прабую, ‑прабуеш, ‑прабуе і папро́баваць, ‑пробую, ‑пробуеш, ‑пробуе; зак.

1. што і чаго. Праверыць стан або якасць чаго‑н. Папрабаваць пальцам лязо. □ На гэтым плывуне, ратуючы будынак, папрабавала свае сілы не адна брыгада. Чыгрынаў. Коннік наганяў Кандрата і ўжо трымаў напагатове шаблю. Яму проста хацелася папрабаваць лоўкасць і сілу свайго ўдару. Колас. // З’есці або выпіць чаго‑н. для пробы, паспытаць. Камандзір батальёна, як гаспадар, запрашаў, хто заходзіў сюды, папрабаваць мядку. Колас. Тут на дзвярах замок ніколі не вісіць, І хто б ні ехаў, зблізку ці здалёку, — Заходзьце ў маю хату адпачыць, Папрабаваць бярозавага соку. Русак.

2. чаго; перан. Зведаць у жыцці, на практыцы, на сваім вопыце. Шмат чаго папрабаваў ён на сваім вяку.

3. з інф. Зрабіць спробу чаго‑н. Настаўнік крыху падумаў. — Ведаеш што, Сцёпа, папрабуй ты на рабфак паступіць. Колас.

папрабіва́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

1. Прабіцца, прарвацца праз што‑н. з сілай — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Мабыць, па гэтай шашы ў мірныя дні і машын хадзіла вельмі мала, бо праз каменне бруку сям-там папрабіваліся чэзлыя зялёныя парасткі. Сабаленка.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Выступіць на паверхню — пра ўсё, многае. Пачырванеў.. [брыгадзір], аж кроплі поту на носе папрабіваліся. Шынклер.

3. Накалоцца на што‑н. вострае — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае.