неўміру́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які жыве вечна, не паддаецца смерці. Колькі разоў шматлікія ворагі выпальвалі нашы гарады і вёскі, але народ наш астаўся жыць, ён неўміручы. Гурскі.
2. Які застаецца назаўсёды ў памяці людзей; які не забываецца. Радзіма! У сонечных далях тваіх Жыве неўміручы Купала! Матэвушаў. На ўвесь свет сталі вядомымі, неўміручыя подзвігі герояў-панфілаўцаў, камсамолкі Зоі Космадзям’янскай і многіх тысяч іншых патрыётаў. Паслядовіч.
неўмяша́нне, ‑я, н.
Адмаўленне ад умяшання ў што‑н. Даволі палітыкі неўмяшання У п’янства і рознае ашуканства! Панчанка. // У міжнародных адносінах — адмаўленне ад умяшання ў справы іншых дзяржаў. Адносіны СССР з іншымі дзяржавамі будуюцца на аснове захавання прынцыпаў суверэннай роўнасці; узаемнага адмаўлення ад прымянення сілы або пагрозы сілай; непарушнасці граніц; тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў; мірнага ўрэгулявання спрэчак; неўмяшання ва ўнутраныя справы; павагі правоў чалавека і асноўных свабод; раўнапраўя і права народаў распараджацца сваім лёсам; супрацоўніцтва паміж дзяржавамі; добрасумленнага выканання абавязацельстваў, якія вынікаюць з агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права, з заключаных СССР міжнародных дагавораў. Канстытуцыя СССР.
неўнікнёнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неўнікнёнага. Ленін быў перакананы ў поўнай магчымасці і неўнікнёнасці краху самаўладства. «Полымя».
неўнікнёны, ‑ая, ‑ае.
Якога нельга ўнікнуць; непазбежны. Гром грымеў... Неўнікнёны свой лёс Сустракаў недабіты вораг. Дзяргай.
неўпапа́д, прысл.
Недарэчы, не да месца. Многія словы былі сказаны неўпапад, але рухі яе [дзяўчынкі] рук дапамаглі нам зразумець усё. Няхай. — [Максім] так паглыбіўся ў роздум, што часам неўпапад адказваў на пытанні. Машара.
неўпарадкава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан неўпарадкаванага. Сацыяльная неўпарадкаванасць. Неўпарадкаванасць расходавання сродкаў.
неўпарадкава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Не прыведзены ў парадак; пазбаўлены парадку. Неўпарадкаваныя цэны. Неўпарадкаваны чамадан. □ З буфеціка-шафкі выглядала неўпарадкаваная пасуда. Гартны.
2. Не забяспечаны ўсім неабходным; неўладкаваны. Неўпарадкаваны быт. Неўпарадкаванае жыццё.
3. Не прыведзены ў парадак для выгоднага жыцця. Неўпарадкаваны раён горада. □ Да.. [гарадка] не так даўно яшчэ і дабрацца было цяжка: чыгунка далёка, дарогі неўпарадкаваныя. Хадкевіч.
неўправаро́т, прысл.
Разм. Вельмі многа, у вельмі вялікай колькасці. [Старшыня калгаса:] — Такую сям’ю грэх было б адпускаць з калгаса. У нас работы пеўправарот... Чарнышэвіч.
неўпрыкме́т, прысл.
Разм. Тое, што і непрыкметна (у 1 знач.). [Пятрусь і Амелька].. пацалаваліся, як родныя, і Амелька неўпрыкмет выцер рукавом набегшую слязу. Краўчанка. Час ляцеў неўпрыкмет — набліжалася мая станцыя. Савіцкі. Лес неўпрыкмет гусцеў — пачалі пракідацца бярозы, сосны, ясені... Сачанка.