Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жыха́р, ‑а, м.

1. Той, хто пражывае дзе‑н.; насельнік. На партах сядзеў чалавек у цёмнай вопратцы, зусім не падобнай да футравай вопраткі жыхароў поўначы. Шамякін. [Ніна] цяпер гарадскі жыхар, студэнтка універсітэта! Лупсякоў. / Пра жывёл, птушак, рыб і пад. Сярод лясных жыхароў .. [людзі] былі самыя слабыя, самыя няшчасныя. Маўр.

2. Той, хто жыве ў памяшканні; жылец. З парога .. [гаспадыня] баязліва паглядзела на тонкую перагародку майго пакоя, за якой ужо жылі новыя жыхары, Грачовы. Ракітны.

жыха́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да жыхар.

жыха́рства, ‑а, н.

1. Пражыванне на якім‑н. месцы. Гэта была вялікая радасць — мець сталае месца жыхарства, дзе можна абжыцца. Лупсякоў.

2. зб. Жыхары, насельніцтва. Адным ск вам, жыхарства гэтай вёскі выяўляла сабою праўдзівых дзяцей лесу, якія як бы зусім яшчэ нядаўна асталяваліся тут і толькі што пераходзілі ад адн[ой] формы жыцця да другой. Колас.

жы́цейка, ‑а, н.

Нар.-паэт. Памянш.-ласк. да жыта.

жыціе́, ‑я, н.

Кніжн. Жыццеапісанне святога. Жыція святых.

жыці́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да жыцій святых. Жыційная літаратура.

жы́цік, ‑у, м.

Травяністая расліна сямейства злакавых, якая расце сярод збожжа і лёну.

жы́цца, жывецца; пр. жылося; безас. незак., каму, з прысл.

Разм. Ісці, складвацца (пра ўмовы жыцця). — Няхай Рыгор скажа, як нам далей жыцца будзе. Галавач. Цяпер Федзя не сумняваўся, што Галі жывецца вельмі цяжка. Ваданосаў.

жыцце... (а таксама жыцця...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову жыццё, напрыклад: жыццеадчуванне, жыццеразуменне, жыццесцвярджальны.

жыццеадчува́нне, ‑я, н.

Успрыманне жыцця, навакольнай рэчаіснасці. Радаснае жыццеадчуванне.