Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гарантава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

Даць (даваць) гарантыю ў чым‑н., забяспечыць (забяспечваць) што‑н. Гарантаваць свабоду і незалежнасць народаў. Гарантаваць права на працу. // Быць гарантыяй у чым‑н., засцерагчы (засцерагаць) ад чаго‑н. Старанная падрыхтоўка да аперацыі гарантавала поспех.

гаранты́йны, ‑ая, ‑ае.

Які заключае ў сабе гарантыю, з’яўляецца гарантыяй. Гарантыйнае пісьмо. // Прадугледжаны гарантыяй. Гарантыйны тэрмін.

гара́нтыя, ‑і, ж.

Запэўненне ў чым‑н., забеспячэнне чаго‑н.; парука. Гарантыя правоў. Тавар з гарантыяй. // Залог, умова, якая забяспечвае поспех чаго‑н. Паспяховы запуск магутнай савецкай многаступеньчатай ракеты з’яўляецца гарантыяй таго, што савецкая навука даб’ецца новага прагрэсу на шляху асваення касмічнай прасторы. «Звязда».

[Фр. garantie.]

гарапа́шнік, ‑а, м.

Разм. Бядняк, гаротнік. — Так, — згадзіўся дзед Талаш, — ..Пан ёсць пан, а наш брат просты чалавек, гарапашнік — ён сваю мае думку і свой інтарэс, паляк ён ці немец. Колас.

гарапа́шніца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да гарапашнік.

гарапа́шніцкі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які належыць гарапашніку; такі, як у гарапашніка. Калі.. [Лабановіч] уставаў разам з усімі, каб узяцца за якую-небудзь работу, дык дзядзька або маці заўважалі, што ён мог бы паспаць і даўжэй, і не яго ўжо справа цягнуць гарапашніцкую лямку простых людзей. Колас.

гарапа́шны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Бедны, гаротны. Гарапашны чалавек. □ Цяжкае гарапашнае жыццё навучыла Дзям’яна любіць і паважаць чалавека працы. Хромчанка.

гараско́п, ‑а, м.

Табліца размяшчэння зорак, якая складаецца астролагамі для прадказання лёсу чалавека або выніку якой‑н. падзеі.

[Ад грэч. hōra — пара года і scopeō — гляджу.]

гарачава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Трохі гарачы.

гарачатрыва́лы, ‑ая, ‑ае.

Які захоўвае свае якасці пры высокай тэмпературы. Гарачатрывалае шкло.