несправядлі́васць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць несправядлівага. Несправядлівасць крыўды.
2. Несправядлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; несправядлівы ўчынак. Слухаў дзед Талаш і тросся ад злосці на паноў, на польскую ваеншчыну, на несправядлівасць. Колас. Як на планеце нашай многа Несправядлівасць, пакут. Панчанка.
несправядлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які адступаецца ад справядлівасці, парушае справядлівасць. Заўсёды ў расказах дзеда перамагала праўда над крыўдай, справядлівы чалавек над несправядлівым. Паслядовіч. // Які супярэчыць справядлівасці, не адпавядае патрабаванням справядлівасці. Несправядлівы лад. □ Свой лёс жалеза праклінае І тых, што выкулі з яго Вайны несправядлівай джала. Танк.
неспрага́льны, ‑ая, ‑ае.
У граматыцы які не мае форм спражэння (пра дзеяслоў). Неспрагальныя дзеясловы.
неспрактыкава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць неспрактыкаванага; адсутнасць або недахоп вопыту, ведаў. Ад неспрактыкаванасці ў далёкай хадзе, а можа і ад слабасці ў нагах я часта спатыкаўся і ледзь не падаў. Сабаленка.
неспрактыкава́ны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае дастатковага вопыту, умення, ведаў. Яшка даў нам па дзве толавыя шашкі. «На першы раз хопіць, — сказаў ён, — вы яшчэ неспрактыкаваныя падрыўнікі». Пянкрат. Знізу [заявы] красаваўся няроўны, выведзены неспрактыкаванаю рукою крыжык. Якімовіч.
неспрыя́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неспрыяльнага. Неспрыяльнасць абставін.
неспрыя́льны, ‑ая, ‑ае.
Які не адпавядае пажаданым або неабходным патрабаванням; дрэнны. [Габдулін:] — Святочны сход і ўрачыстасці адмяняюцца з прычыны неспрыяльных умоў. Мележ. Сярэдні ўраджай, нават калі год выдасца неспрыяльны, будзе высокі. Шашкоў.
нестанда́ртны, ‑ая, ‑ае.
Які не адпавядае стандарту. Нестандартная дэталь. Нестандартны размер.
нестары́, ‑ая, ‑ое.
Сярэдніх гадоў, параўнальна малады. Старастам Кірэйка стаў не таму, што хацеў, проста ён быў на гэты час адзіны нестары мужчына ў вёсцы. Марціновіч.
нестраяві́к, ‑раевіка, м.
Разм. Ваеннаслужачы нестраявой часці. За баявымі ўзводамі ішло бадай што цэлае аддзяленне нестраевікоў на чале са старшыной роты. Кулакоўскі.