разбо́жкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Пачаць доўга і часта стагнаць, раз за разам паўтараючы «божа мой» і пад. Гаспадыня падышла да ложка і разбожкалася: — Гэта ж жытка настала, не давядзі бог. Сабаленка.
разбо́й, ‑ю, м.
Напад з мэтай аграблення, які суправаджаецца пагрозамі, гвалтам, забойствам. Смерць, разбурэнне, разбой ішлі разам з гітлераўскімі зграямі. Колас. А здарыцца — чорныя зграі Зноў рушаць чыніць разбой, — Зямляк мой, зямлі абраннік, Першым выйдзе на бой. Лось. Мяркуючы па паводзінах улад і паліцыі, бандыт і далей бы жыў і ўзбагачаўся за кошт грабяжу і развеяў, калі б яго не забілі свае ж паплечнікі. Філімонаў. // перан. Разм. Пра непамерна вялікія вымаганні, прыцясненні.
разбо́йнік, ‑а, м.
1. Той, хто займаецца разбоем, грабяжом. Разбойнікі хаваліся ў Дуброве і рабавалі людзей. Чарнышэвіч.
2. перан. Той, хто прычыняе фізічныя або матэрыяльныя страты каму‑н. Фашысцкія разбойнікі. □ [Язва:] Па вачах ён [Праменны] лірык, а так разбойнік. Вы яго асцерагайцеся. Крапіва.
3. Пра таго, хто часта любіць уступаць у бойку.
4. Ужываецца як лаянкавае слова. [Маці:] — Як ты пасмеў, разбойнік? Ты зноў прыйшоў спісваць урокі? Гамолка.
•••
Разбойнікі пяра — аб прадажных буржуазных пісаках.
разбо́йніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да разбойніка. Разбойніцкія набегі. // Уласцівы разбойніку, такі, як у разбойніка. Зірнуўшы на разбойніцкія твары Гудзілкі і Свірыда, Мар’яна ўся затраслася. Колас. Сашка падскочыў бліжэй да акна, і — у два пальцы — свіснуў разбойніцкім, чацвярным свістам. Караткевіч.
разбо́йніцтва, ‑а, н.
Разбойніцкая дзейнасць; разбой. [Паэта] не магла задаволіць, як гэта робіцца ў легендзе, простая канстатацыя факта, што прычынай разбойніцтва Машэкі было нешчаслівае каханне. Ярош.
разбо́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Займацца разбоем, грабяжамі. Пасля даследавання забойства схіляюся к таму, што бандыт Гусак разбойнічаў адзін. Пестрак.
2. Займацца гвалтам, прымяняць сілу для дасягнення чаго‑н. — Не разбойнічай! Тое бяры, што даю табе, а сілай не дам браць, людзей клікаць буду. Галавач.
разбо́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да разбою. Разбойная банда. Разбойныя справы.
2. Тое, што і разбойніцкі. Разбойны напад фашысцкай Германіі на Савецкі Саюз абарваў мірную працу. Клімковіч. Вядома, сябры, а ў першую чаргу Малашкін і Жарнавік, сёе-тое чулі пра разбойную работу бандытаў. Пестрак.
разбо́р, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. разбіраць — разабраць (у 1–7 знач.).
2. (звычайна з прыназоўнікамі «з» і «без»). Разм. Выбар, адбор. Лес тут быў калгасны, высякалі яго многа і без разбору. Б. Стральцоў. Я разумею: крытыкаваць .. трэба, без гэтага нельга, але крытыкуй з разборам. Хадкевіч.
3. Разгляд судовай справы. Судовы разбор. □ [Сымон:] Адбудую хату нанава, гаспадарку нанава завяду.. Вось толькі .. разбору дзела дачакацца! Купала.
•••
На (пад) шапачны разбор; на разбор шапак — пад канец справы, пад канец (прыйсці, паспець, з’явіцца і пад.).