жы́тніца, ‑ы, ж.
1. Уст. Памяшканне для захоўвання збожжа; свіран.
2. перан. Хлебародная вобласць краіны, якая забяспечвае хлебам іншыя мясцовасці. Украіна — жытніца СССР.
3. Разм. Жытняя салома. Волька па-мужчынску падхоплівала .. [віламі] жытніцу і кідала яе ў тарпу. Васілевіч.
жы́тнішча, ‑а, н.
1. Поле, з якога сабралі жыта або на якім папярэдняй культурай было жыта. — Дзе-нідзе [жыта] прыйдзецца па жытнішчы сеяць, каб усё ў адным кавалку было. Шахавец.
2. Іржышча на жытнім полі. Зямля паблісквала вузкімі паскамі вады ў разорах ды шчацінілася леташнім жытнішчам. Галавач.
жытны́, ‑ая, ‑ое.
1. Тое, што і жытні. Жытная салома.
2. у знач. наз. жытно́е, ‑ога, н. Жытняе поле. Не ўпершыню сёння наша жытное За небакрай разлілося... Шэпча, трывожыцца, нібы жывое, Перада мною калоссе. М. Арочка. Палявая сцяжына ў жытное вядзе. А. Вольскі.
жытня́к, ‑у, м.
Шматгадовая кармавая травяністая расліна сямейства злакавых.
жытцо́, ‑а, н.
Памянш.-ласк. да жыта. Нават дзе і не было пустазелля, жытцо стаяла дробненькае. Кулакоўскі. Распроствае постаць і стан свой паволі Жытцо, ярына... Колас.
жыўле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. жывіць, жывіцца.
жы́ўнасць, ‑і, ж., зб.
Разм. Жывыя істоты, часцей дробныя. Усякая жыўнасць у балоце варушыцца. Лынькоў. Корміцца галавень самай разнастайнай і, як правіла, прыдоннай жыўнасцю: дробнымі чарвякамі, ракападобнымі, слімакамі і малюскамі. Матрунёнак. // Дробная свойская жывёла. У Самабыля ёсць розная жыўнасць: куры, трое парасят, дзве казы і трусы. Колас.
жыўцо́м, прысл.
Разм.
1. У жывым стане, жывым. [У Палазка] мільгнула думка ўзяць другога фашыста жыўцом. Колас.
2. Гвалтоўна, жывасілам. Расце ў садзе маладое дрэўца. Дужэе, глыбей пускае карэнне.. І вось яго намерваюцца вырваць жыўцом і перасадзіць у іншае месца. Гроднеў.
3. Так як ёсць, не змяняючы, даслоўна. Фальклорная паэтыка існавала для Максіма Багдановіча не дзеля таго, каб жыўцом браць з яе гатовыя вобразы, тропы, інтанацыі і формы. Майхровіч. [К. Чорны] ніколі не пераносіў жыўцом, у сырым выглядзе ў раман бачанае. С. Александровіч.
•••
Жыўцом з’есці (праглынуць) гл. з’есці.
жыўцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ж.
Разм. Вуда, якой ловяць на жыўца. Мікола праз кожныя паўгадзіны бегаў на раку правяраць жыўцоўкі, а Раман падкідаў сухое ламачча ў агонь і ладзіў снасці. Ляўданскі.
жы́ўчык, ‑а, м.
1. Разм. Прыкметнае біццё артэрыі (пераважна на скроні); нервовае торганне павека. [Верхаводка:] І наогул, давай пра жонку не будзем. А то ў мяне ажно жыўчык пад вокам пачаў дрыжаць. Вось, бачыш? Губарэвіч.
2. Мужчынская палавая клетка; сперматазоід.