пакара́бкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Пачаць карабкацца. [Баталаў] сачыў за сваімі байцамі. Бачыў, як Саханчук з Дзячковым выйшлі на поле, пастаялі крыху, потым кінуліся да насыпу. Пад ім яны зноў пастаялі, потым пакарабкаліся ўверх. Асіпенка.
пакара́нне, ‑я, н.
Мера ўздзеяння за зробленае злачынства, правіннасць; кара. Пакаранне бізунамі. Патрабаваць суровага пакарання. □ [Немцы] беглі па хмызняку, полем. Быццам ваўкі, што нарабілі шкоды, уцякалі ад небяспекі, ад пакарання. М. Ткачоў. Больш тыдня Алесь працаваў на трактары: такое пакаранне прыдумаў яму старшыня. І ўсё ж, нарэшце, змілаваўся, зноў даў яму [аўтамашыну]. Ваданосаў.
пакара́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пакараць 1.
пакараце́ць, ‑ее; зак.
Стаць карацейшым, меншым па даўжыні. Сукенка пакарацела. □ Цяпер вуліца нібы пакарацела: неяк зусім непрыкметна мінаем адно скрыжаванне, другое, і вось ужо адкрылася наперадзе .. прывакзальная плошча. Савіцкі. // Стаць менш працяглым у часе. Быў канец лютага, ночы ўжо намнога пакарацелі, і таму, ледзь толькі змерклася, брыгада рушыла ў паход. Шахавец.
пакараці́цца, ‑роціцца; зак.
Разм. Стаць карацейшым, меншым па даўжыні. Халат пакараціўся.
пакараці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., што.
Зрабіць карацейшым, укараціць. Пакараціць паліто. □ Шмат яшчэ такога дарагога на рыбалцы часу ідзе на тое, каб пакараціць або падоўжыць рабочую частку лескі. Матрунёнак.
пакара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да пакарыцца.
2. Зал. да пакараць 2.
пакара́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Падвергнуць пакаранню. Пакараць за злачынства. Пакараць за правіннасць. □ А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне, Хай ад рук партызанаў я лягу, Пакарайце за здраду мяне. Астрэйка. Гітлераўцы кінулі .. [сястру Рэмарка] у турму і праз некаторы час пакаралі смерцю. «ЛіМ».
пакара́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пакарыць 1.
пакарачэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пакараціць, пакарацець.
пака́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Каркаць некаторы час. Вароны пакаркалі і паляцелі.