Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пазаво́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Заараць усё, многае.

пазавуго́ллю, прысл.

За вугламі; тайна, хаваючыся. Шаптацца пазавуголлю. □ [Мікіта:] — Навошта сачыць вось так, тулячыся пазавуголлю, навошта заняцца за чалавекам, як на аблаве? Галавач.

пазаву́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Завучыць усё, многае. Пазавучваць формулы. Пазавучваць вершы.

па́завы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паза.

пазавя́звацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

1. Абвязацца чым‑н. — пра ўсіх, многіх. Дзяўчаты пазавязваліся хусткамі.

2. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Завязацца ў многіх месцах, усюды. Вузлы пазавязваліся.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Даць завязь плода — пра ўсё, многае.

пазавя́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Завязаць усё, многае. Пазавязваць вузлы. Пазавязваць гальштукі. □ [Тварыцкі] схаваўся ад таварыша за ложак, нагнуўся, .. пераклаў з аплеценага гаршка залатыя манеты ў некалькі хустачак, пазавязваў і параспіхаў па кішэнях. Чорны.

пазага́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Загадзіць усё, многае. [Агата:] — Зноў недзе ўскочыў [сабачка] у памыі.. Зноў усё пазагаджваеш у сенцах. Чорны.

пазагалакты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца, адбываецца і г. д. за межамі Галактыкі. Пазагалактычныя сістэмы.

пазаганя́ць ​1, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.

Загнаць куды‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. [Лівень] пазаганяў у хаты людзей і, як бы нацешыўшыся, аціх. Асіпенка. Цімох Сымонавіч на ўсякі выпадак схапіў у рукі дубальтоўку і пазаганяў на месца патроны. Дубоўка.

пазаганя́ць ​2, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго.

Разм. Заганяць, замарыць усіх, многіх. — Коней.. пазаганялі да таго, што на іх страшна было паглядзець. Скрыган. — Вот ты, Пятро, дзень і ноч ірвеш, баб сваіх пазаганяў, а як жывеш? Навуменка.

пазагара́цца, ‑аецца; зак.

1. Загарэцца, пачаць гарэць — пра ўсё, многае. Пазагараліся хаты. □ Пазагараліся кастры, ад іскры полымя гарыць. Дубоўка.

2. Пачаць свяціцца, блішчаць — пра ўсё, многае. Пазагараліся ліхтары на вуліцах. Пазагараліся зоркі на небе.