Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

неразго́рнуты, ‑ая, ‑ае.

Не раскрыты (пра што‑н. загорнутае, складзенае). Неразгорнутая кніга.

нераздзе́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Не падзелены на часткі. Нераздзеленая маёмасць.

2. перан. Які не атрымлівае водгуку, не сустракае спачування, разумення. Колькі год прайшло з таго часу, але не ціхне ў сэрцы боль нераздзеленага кахання. Бярозкін. Галі карцела расказаць, паспавядацца ў сваіх пачуццях, бо нераздзеленая радасць — палова радасці, а нераздзелены смутак — глядзі што большы, як у два разы. Сабаленка.

нераздзе́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць нераздзельнага.

нераздзе́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і непадзельны (у 2, 3 знач.).

неразлу́чнасць, ‑і, ж.

Стан неразлучнага. Неразлучнасць сяброў.

неразлу́чны, ‑ая, ‑ае.

Які ніколі не разлучаецца, заўсёды знаходзіцца разам з кім‑н. Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Міхаліна забяжыць па сваю неразлучную сяброўку Джэму Рог ці Джэма па яе, а там глядзіш — выходзяць з двароў дзяўчаты, то адна, то другая. Палтаран. // Які знаходзіцца заўсёды пры кім‑, чым‑н. (аб прадметах). Прыйшоў, накульгваючы пасля ранення, неразлучны са сваім кіёчкам, старшыня калгаса Іван Ануфрыевіч Грабок. Краўчанка. // Які з’яўляецца адным цэлым, адзіным. Магутна, велічна гучыць наш гімн, які спяваюць тыя, для каго ён цяпер неразлучны са словамі воля і шчасце. Брыль. // Які заўсёды звязаны з чым‑н. (аб пачуццях, з’явах). Прыйшло каханне, а разам з ім і яго неразлучныя спадарожнікі: шчасце і пакуты... Васілевіч. [Настаўнік:] — Страх і цемната — неразлучныя прыяцелі. Колас.

неразме́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неразменнага.

неразме́нны, ‑ая, ‑ае.

Які нельга размяняць, які не падлягае размену (пра грошы). Неразменная манета. // перан. Які застаецца заўсёды аднолькава каштоўным. Роздум, які ставіць задачы, напорыстая, скрупулёзная праца, якая іх вырашае, — вось адна з першасных нязменных і неразменных асноў паэзіі Багдановіча, яе стылю. Лойка.

неразры́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан неразрыўнага. Неразрыўнасць сувязей.

неразры́ўны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што нельга раз’яднаць; непарыўны, непарушны (пра пачуцці, адносіны, сувязі і пад.). Неразрыўная дружба. Неразрыўныя вузы братэрства. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Гэта, перш за ўсё, .. адзін з тых «вінцікаў», чыя ціхая праца, увесь неразрыўны ланцуг штодзённых маленькіх перамог вельмі часта губляецца ў громе і бляску. Брыль.