Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падча́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падчаліць.

падча́ліцца, ‑ліцца; зак.

Спец. Тое, што і падчаліць (у 1 знач.).

падча́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

Спец.

1. Стаць на прычал дзе‑н., прыстаць да чаго‑н. Падчаліць да берага. Падчаліць да прыстані.

2. што. Прычальваючы, падцягнуць, наблізіць да чаго‑н. Падчаліць лодку да баржы.

падча́льванне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падчальваць — падчаліць і падчальвацца — падчаліцца.

падча́львацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падчаліцца.

2. Зал. да падчальваць (гл. падчаліць у 2 знач.).

падча́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падчаліць.

падчапі́цца, ‑чаплюся, ‑чэпішся, ‑чапіцца; зак.

Разм. Прычапіцца да каго‑, чаго‑н. Чаратун узяў пад рукі Валодзю і Стахея Іванавіча, Віця падчапіўся з другога боку Валодзі, а я за дзеда. Місько. — Махнём заўтра да мяне ў Грамы, прафесары! — гукае Мікола. — ..А назад можна на таварняку. Там якраз пад’ём, поезд ідзе ціха, падчэпіцеся. Навуменка.

падчапі́ць, ‑чаплю, ‑чэпіш, ‑чэпіць; зак., каго-што.

1. і чаго. Паддзеўшы чым‑н., зачапіць, захапіць. Падчапіць бусаком бервяно. □ Стась узлез на лодку, стаў на карму і асцярожна, узяўшы лёгкае вясло, падчапіў ім расліну пад самае карэнне. Дубоўка. Марачок выпіў з крышкі тэрмаса і скарынкай падчапіў салакі. Караткевіч.

2. Разм. Прычапіць звычайна ў дадатак да чаго‑н.; узяць на буксір. Са станцыі падышоў запасны паравоз і, падчапіўшы заднія вагоны, адцягнуў іх назад. Лынькоў. Буксір падчапіў за карму наш вялізны белы цеплаход. Сіпакоў. // Начапіць, прычапіць да чаго‑н. Падчапіць на слупы тэлефонны провад.

3. перан.; і чаго. Разм. Набыць, атрымаць; нажыць. Дык, кажуць людзі, вяселле хутка згуляем. Ой, хітрыя гэтыя Маўчуны! Такую нявестку хочуць падчапіць! Шамякін. Пачатак восені выдаўся золкі, і, каб не вялікае жаданне падчапіць шчупака, я і не падумаў бы, на ноч гледзячы, выбірацца з хаты. Кандрусевіч. [Баласпай:] — З такімі сябрамі, як у цябе, не штука і ліхаманку падчапіць. Беразняк.

4. перан. Разм. Сказаць што‑н. з’едлівае, паставіўшы ў няёмкае, смешнае становішча. Пасварыліся.. [суседзі] летась.. Толькі з той пары ўсё здаецца Ігнату, што сусед на яго «зуб точыць», на людзях падчапіць заўсёды стараецца. Каршукоў.

падчапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да падчапіцца.

2. Зал. да падчапляць.

падчапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да падчапіць.