не́прыяцелька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Жан. да не́прыяцель.
непрыя́цельскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да непрыяцеля, належыць яму. Непрыяцельская крэпасць. □ Перад наступленнем сапёрны ўзвод забяспечваў два праходы ў непрыяцельскіх мінных палях... «Работніца і сялянка».
непрэзента́бельнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непрэзентабельнага.
непрэзента́бельны, ‑ая, ‑ае.
Непрыгожы на выгляд; несамавіты.
непрэтэнцыёзны, ‑ая, ‑ае.
Які не прэтэндуе на арыгінальнасць; просты. Непрэтэнцыёзная архітэктура будынка.
непту́ній, ‑ю, м.
Радыеактыўны элемент — серабрысты метал, які з цяжкасцю акісляецца на паветры.
непярэ́ліўкі, ‑лівак; адз. няма.
Разм. Кепскія справы; нявыкрутка. — Падмацуемся... і пададзімся адсюль далей, — так раіў сябрам Клышэўскі. — На в[я]сну вернемся, а пакуль непярэліўкі, пойдзем у лясы, туды, пад Клайпеду. Броўка. Дзед шапнуў унуку: — Бяжы, ратуй свайго дружбака! Відаць, у яго нейкія непярэліўкі. Рылько.
нерабо́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, які не працуе, жыве но са сваёй працы. Возьмем, напрыклад, кааперацыю, дзе мы бачым велізарныя лічбы рабочых прадстаўнікоў. Мы ведаем, што яна раней складалася амаль цалкам з прадстаўнікоў нерабочага класа. Ленін.
2. Які не выконвае працы, няздольны да яе (пра жывёлу).
3. Такі, калі не працуюць; вольны ад працы. Нерабочы дзень. // Які выкарыстоўваецца не для работы; выхадны, святочны. Алёшка паволі падышоў да крана .. Хуценька пераапрануўся ў нерабочы гарнітур. Лынькоў.
4. Які не выклікае схільнасці да працы. Нерабочы настрой.
неразбо́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неразборлівага.
неразбо́рлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што цяжка разабраць, прачытаць. Алесь падаў сакратару ліст — кавалачак паперы ў клетку, спісаны крывым, неразборлівым почыркам. Галавач. Высокі, белабрысы камендант доўга гартаў акты, углядаўся ў неразборлівыя каракулі падпісаў. Асіпенка. // Незразумелы, няясны. Гутарка прысутных злівалася ў неразборлівы гоман. Пестрак. З вагона, у тлуме галасоў, пачуўся неразборлівы адказ. Пальчэўскі.
2. Які не вызначаецца разборлівасцю, патрабавальнасцю. Неразборлівае карыстанне сродкамі выражэння [у паэме] прывяла да пэўнай аднастайнасці, рытмічнай і маляўнічай. Лужанін.