маласяме́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае невялікую сям’ю. Маласямейны гаспадар.
малатабо́ец, ‑бойца, м.
Рабочы ў кузні, які працуе вялікім ручным молатам. Яшчэ да ўсходу сонца Штодзень прыходжу ў кузню я Падручным ці малатабойцам Папрацаваць у каваля. Танк.
малатана́жны, ‑ая, ‑ае.
З малым танажом (пра судна, вагон, аўтамабіль і пад.). Малатанажнае судна.
малата́рня, ‑і; Р мн. ‑рань; ж.
Машына для абмалоту сельскагаспадарчых культур. Конная малатарня. Складаная малатарня. □ Толькі ў адным канцы вёскі адна-адзінютка гула малатарня, але не магла яна адна заглушыць тут стуку цапоў. Чорны.
малато́к, ‑тка, м.
1. Ручны інструмент, прызначаны для забівання, кляпання і пад., у выглядзе металічнага або драўлянага бруска рознай формы, насаджанага на ручку пад прамым вуглом. Шавецкі малаток. Мулярскі малаток. □ На дварэ стараставай сядзібы шорхаў гэбель, шыпела піла, стукалі малаткі. Самуйлёнак.
2. Спец. Прыстасаванне, механізм ударнага дзеяння. Адбойны малаток.
•••
З малатка (уст.) — з аўкцыёну (прадаць, пусціць, пайсці і пад.).
малато́чак, ‑чка, м.
1. Памянш. да малаток (у 1 знач.); невялікі малаток.
2. Спец. Ударнае прыстасаванне ў некаторых механізмах і інструментах. І сёння стаіць у вачах, як жывы, той дзядзька без шапкі, .. што трымаў на каленях цымбалы, па струнах якіх тупацелі яго малаточкі. Брыль.
3. Спец. Адна са слыхавых костачак сярэдняга вуха.
малатыра́жны, ‑ая, ‑ае.
Які выдаецца невялікім тыражом. Малатыражная газета.
малаўдо́йны, ‑ая, ‑ае.
З невялікім удоем, які дае мала малака. Малаўдойная карова. Малаўдойны статак.