жыра́фа, ‑ы, ж.
Афрыканская плямістая жвачная жывёліна атрада парнакапытных з вельмі доўгай шыяй і доўгімі нагамі.
[Фр. girafe.]
жыро́, нескл., н.
Перадатачны надпіс па вэксалі, чэку і пад.
[Іт. giro.]
жыро́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
Палітычная групоўка ў перыяд французскай буржуазнай рэвалюцыі 18 ст., якая выражала інтарэсы буйной буржуазіі і перайшла на бок контррэвалюцыі. // перан. Пра буржуазную партыю, схільную да здзелкі з контррэвалюцыяй.
жыро́ўка 1, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
Тое, што і жыраванне. [Бабёр] вынырнуў з хаткі, паплаваў некаторы час каля жылля.. і цяпер паплыў у канал на начную жыроўку. В. Вольскі.
жыро́ўка 2, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.
Тое, што і жыразагад.
жы́та, ‑а, М жыце, н.
1. Аднагадовая расліна сямейства злакавых, зерне якой скарыстоўваецца для прыгатавання хлеба. Зжаць жыта. Звезці жыта ў гумны. Абмалаціць жыта. □ З каласоў завязалі Бараду, як вялося, Каб трубою, казалі, Штогод жыта вілася. Калачынскі.
2. Зерне гэтай расліны. Мяшок жыта ляжаў на зямлі каля самага ганку. Бядуля. Затым пад жарты і смех гасцей маладога і маладую абсыпалі жытам, каб былі добрымі гаспадарамі. Васілевіч.
3. толькі мн. (жыты́, ‑оў). Жытнія палі. Дзівіўся: гэтакіх ніколі Не бачыў у жыцці жытоў. Прануза. На многа вёрст было відаць з гары Адсюль палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка.
жы́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Разм. Умовы жыцця; быт. За апошнія гады ў Церахах такая жытка настала, што ўсяго даюць на працадні, адно — жыві сабе прыпяваючы, ні аб якой бядзе не дбаючы. Сабаленка.
жытло́, ‑а, н.
Абл. Жыллё. [Няваду] здзівіла цішыня ў мястэчку, зноў як бы ўсе пакінулі сваё жытло. Чорны. У хаце пахла аўчынамі, шкуркамі, свежым хлебам і ўсім тым, чым пахне звычайнае чалавечае жытло. Лынькоў.
жытнёвы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і жытні (у 1 знач.). А там, у жытнёвым полі, працяглыя мілагучныя жніўныя песні ўпляталіся ў рокат, у гул машынных матораў. Бялевіч. Я ў гэту ноч ліпнёвую Іду сцяжынкай вузкаю, Сцяжынкаю жытнёваю, Зямлёю беларускаю. Гілевіч.
жы́тні, ‑яя, ‑яе.
1. Які мае адносіны да жыта. Жытняе поле. □ Агнём вясёлак ззяюць росы У моры жытніх каласоў. Колас.
2. Прыгатаваны з жыта або прадуктаў яго апрацоўкі. Жытняя мука. Жытні хлеб.
жы́тнік, ‑у, м.
Абл. Хлеб, прыгатаваны з жытняй мукі. Наўрад ці ёсць што на свеце смачнейшае за свежы жытнік! Савіцкі.