непрыміры́масць, ‑і, ж.
Уласцівасць непрымірымага. Непрымірымасць класавых супярэчнасцей. // Непрымірымыя адносіны да каго‑, чаго‑н. — Новыя рашэнні партыі маюць яшчэ і тое.. значэнне, што яны актывізавалі ў людзей непрымірымасць да ўсякіх непаладкаў, да фальшы, фармалізму. Краўчанка.
непрыміры́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ідзе на прымірэнне, не дапускае пагаднення. К. Чорны — гэта перш за ўсё непрымірымы змагар з уласніцкім светам. Адамовіч. З гэтага вечара.. [Ігар] стаў непрымірымым ворагам Алеся, хоць і да таго адносіны паміж імі былі нацягнутымі. Сіняўскі. // Уласцівы такому чалавеку. Непрымірымы характар.
2. Такі, што нельга прымірыць. Непрымірымая барацьба. □ Прыгожая, выпеставаная, .. [Эма] выклікала ў мяне толькі пачуццё непрымірымай варожасці... Лупсякоў. У голасе яго гучала непрымірымая мужчынская нянавісць да таго, другога, хто замяніў яго і напэўна выцесніў нават з ўспамінамі. Васілевіч.
непрымяні́масць, ‑і, ж.
Уласцівасць непрымянімага.
непрымяні́мы, ‑ая, ‑ае.
Які нельга прымяніць для чаго‑н.
непрынцыпо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не вынікае з прынцыпаў, далёкі ад прынцыпаў; неістотны, другарадны. Непрыпцыповае пытанне.
2. Які не прытрымліваецца прынцыпаў, не кіруецца імі. Непрынцыповы чалавек.
непрыня́цце, ‑я, н.
Адмаўленне ад прыняцця чаго‑н. Непрыняцце належных пер. □ Забеспячэнне іску дапускаецца ва ўсякім стане справы, калі непрыняцце мер забеспячэння можа ўскладніць або зрабіць немагчымым выкананне рашэння суда. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР.
непрыстасава́насць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан непрыстасаванага; няўменне прыстасавацца да чаго‑н. Цяпер старшыні ўсе прыезджыя, і.. [Дзям’ян] добра ведаў непрыстасаванасць іх побыту да новых умоў, ведаў, як падысці і наладзіць кантакт. Дуброўскі.
непрыстасава́ны, ‑ая, ‑ае.
Няздольны прыстасавацца да чаго‑н. [Стрыжоў] наогул выглядаў нейкім самотным, непрыстасаваным да жыцця. Карпаў. // Непрыдатны, непадыходзячы для чаго‑н. Непрыстасаванае памяшканне.
непрысто́йна,
1. Прысл. да непрыстойны.
2. безас. у знач. вык. У супярэчнасці з прыстойнасцю. Непрыстойна Не давяраць таму, хто вам даверыў. Глебка. Мне нешта падказвала, што маўчаць доўга нельга, непрыстойна. Ракітны.
непрысто́йнасць, ‑і, ж.
1. Якасць непрыстойнага. Непрыстойнасць паводзін.
2. Непрыстойна ўчынак, непрыстойныя словы. Не дапускаць непрыстойнасцей. Гаварыць непрыстойнасці.