непрывы́клы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які не прывык да каго‑, чаго‑н. Непрывыклыя да работы рукі сяк-так перакорпвалі дзялянку зямлі. Чорны.
непрывы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
Адсутнасць прывычкі да каго‑, чаго‑н. Прыкурыў чалавек і давай з непрывычкі кашляць. Брыль.
непрывы́чна,
1. Прысл. да непрывычны (у 1 знач.). Твар.. [Раманенкі] быў бледны, і ніжняя губа непрывычна дрыжала. Шамякін.
2. безас. у знач. вык. Аб пачуцці непрывычнага, якое адчувае хто‑н. Непрывычна ёй на новым месцы. Воку непрывычна ў цемры. □ Як непрывычна было зноў ступаць па зямлі, па мяккім снезе, — нібы ішоў .. [Бярозка] па даўняй, знаёмай дарозе. Шахавец.
непрывы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, да якога не прывыклі; які з’яўляецца новым для каго‑н. Здзіўлены і моцна ўражаны Пракоп нясмела сеў за стол у гэтай непрывычнай для сябе абстаноўцы. Колас. У вестыбюлі была цішыня. Непрывычная, нейкая застыглая. Васілёнак.
2. Які не мае прывычкі, звычкі да чаго‑н. Лучына дыміць і чадзіць. Непрывычнаму чалавеку было б кепска пры гэтым асвятленні. Бядуля.
непрыгля́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непрыгляднага; непрывабнасць.
непрыгля́дны, ‑ая, ‑ае.
Непрывабны з выгляду; несамавіты. Непрыглядны чалавек. Непрыглядны малюнак. // перан. Дрэнны, якому нельга пазайздросціць. Фатаграфіі рабочага дня і назіранні за выкарыстаннем абсталявання па цэхах далі непрыглядную карціну. Карпаў.
непрыго́днасць, ‑і, ж.
Якасць і стан непрыгоднага; нягоднасць. Уся сетка грунтавых дарог была прыведзена ў непрыгоднасць. В. Вольскі.
непрыго́дны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які не мае неабходных якасцей, не падыходзіць для чаго‑н.; нягодны. — Ты не думай, што я да нічога непрыгодны, — некалькі з папрокам прамовіў Ян. Пестрак. Радавы стралковага палка Ігнат Семяніцкі быў прызнаны непрыгодным для вайсковай службы і адпушчаны дадому. Палтаран.
непрыго́жа,
1. Прысл. да непрыгожы.
2. у знач. вык. Нядобра, заганна. [Коркія:] — Што ж ты не вітаешся са старэйшымі? Гэта непрыгожа! Самуйлёнак.
непрыго́жасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непрыгожага (у 1 знач.).