азада́чаны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад азадачыць 1.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў замяшанні, разгубленасці, замінцы; збянтэжаны. Цяпер яны стаялі каля пісьмовага стала ўсе: натапыраны Барушка, азадачаны Васіль Пятровіч, абыякавы Понтус і ціхамірная Ала. Карпаў.
азада́чаны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад азадачыць 2.
азада́чванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. азадачваць 2 — азадачыць 2.
азада́чваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да азадачыць 1.
азада́чваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да азадачыць 2.
азада́чыць 1, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго.
Паставіць каго‑н. у складанае становішча; прывесці ў замяшанне, разгубленась; збянтэжыць. Настрой у.. [Ваўчка] быў вясёлы, адказнае даручэнне райкома як быццам не толькі не азадачыла яго, а ўліло новую энергію. Хадкевіч.
азада́чыць 2, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
Тое, што і абзадачыць.
аза́ддзе, ‑я, н., зб.
1. Тое, што і пазаддзе.
2. Тое, што знаходзіцца, цягнецца ззаду.
азакеры́т, ‑у, М ‑рыце, м.
Мінерал, які напамінае з выгляду пчаліны воск і ўжываецца для вырабу мазяў, крэмаў і пад.; горны воск.
[Ад грэч. ozō — пахну і kēros — воск.]
азакеры́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да азакерыту, уласцівы азакерыту.
азалаці́цца, ‑лачуся, ‑лоцішся, ‑лоціцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Асвяціўшыся, набыць залацісты колер, адценне. З-пад ног узняўся, затрапятаў на вачах жаўрук, засвяціўся раптам на чырвоных промнях сонца, азалаціўся Мыслівец. // Набыць жоўты, залацісты колер; пажоўкнуць. Надышла восень і парк азалаціўся.
2. перан. Нажыцца, разбагацець. Хто мае здольнасць, сілы, рукі І гаспадарскія навукі, Той азалоціцца, мужчынкі! Прыдбае хлеба і скацінкі І будзе жыць ён сабе панам І складваць грошы чыстаганам. Колас. [Ціток:] — Каб нам з вамі.. дзесятую долю таго, што агроб наш Іван, то мы б з вамі, пане мой, азалаціліся б. Лобан.
азалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., каго-што.
1. Асвяціўшы, надаць чаму‑н. залацісты колер, адценне. Сонца к небасхілу Паспяшала рупна на спакой начны І у раз апошні лес азалаціла... Гурло. // Зрабіць пажоўклым; пазалаціць. Азалаціла восень поле іржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі; абвеяла хаты жытнім пылам; вострым пахам кастрыцы напоўніла вуліцу. Чорны.
2. Разм. Шчодра ўзнагародзіць. [Лазука:] — Дык я ж і кажу, што гэты лён азалаціў і наш калгас, і нас саміх. Сабаленка. [Парторг:] — Тут у аднаго дзядзькі ёсць у садку з паўдзесятка дрэў, дык яны яго азалацілі. Бялевіч.
азале́лы, ‑ая, ‑ае.
Змерзлы, азяблы. Я палажыў свае азалелыя рукі на.. [Нініны] нешырокія плечы і маўчаў. Мыслівец. Грукае дзяцел у азалелы ствол. Барадулін. Трывожна сцяўся азалелы ранак. Бічэль-Загнетава.