падпераза́ць, ‑перажу, ‑пяражаш, ‑пяража; зак., каго-што.
Сцягнуць, зацягнуць па таліі поясам, папругай і пад.; надзець на каго‑н. пояс, папругу і пад. Прыйшлося [шынель] падперазаць папругаю. Грахоўскі. Дзямід Сыч падперазаў патранташ, перакінуў цераз плячо р[э]мень сеткі. Паслядовіч.
падпе́рці, падапру, падапрэш, падапрэ, падапром, падапраце; пр. падпёр, ‑перла; зак.
1. што. Паставіць падпорку (падпоркі) пад што‑н., падтрымаць што‑н. чым‑н. Падперці сцяну. Падперці дзверы. □ Мы пабывалі ў раёне старога Парыжа.. У адным з дамоў апошні паверх .. адвальваецца, і таму яго падперлі доўгім надточаным бервяном. Філімонаў. Бацька свой воз падпёр плячом і аб’ехаў паварот, а сын пашкадаваў сілы траціць. Якімовіч. // Падставіць руку, далонь, каб можна было схіліць на іх галаву, твар і пад. Бабка падперла рукамі шчокі і пачала смяяцца. Колас. // Уперціся рукамі ў бакі. — На брыгадзірстве тваім свет клічам сышоўся? — падперла рукі ў бокі жонка. — А як усе людзі, не хочаш працаваць? Б. Стральцоў. // перан. Падтрымаць сабой што‑н. Па суседству з маім домам сталі новыя [дамы], сучасныя ў сэнсе архітэктуры. Яны падперлі яго сваімі плячыма і, як гавораць спецыяліст, уключылі ў адзін ансамбль. Навуменка.
2. Надавіць, націснуць. Хамут падпёр каню пад самае горла. // Разм. Аб прыступе якога-небудзь болю, кашлю і пад. Нечаканая бяда навалілася на Лявона.. Нешта падперла пад бакі, сціснула грудзі, твар увесь смыліць. Ермаловіч. // перан. Разм. Прымусіць неадкладна ўзяцца за якую‑н. працу, выкананне або ажыццяўленне чаго‑н. тэрмінова наспеўшага. [Вяржбіцкі:] — А Клікаў — прайдзісвет. І лізаблюд. Прадасць і выменяе, Калі нявыкрутка падапрэ. Савіцкі. — А цяпер жа і сена, і жніво падперла! — успомніў.. [Алесь] словы Лены. Ваданосаў.
падпе́рціся, падапруся, падапрэшся, падапрэцца; падапромся, падапрацеся; пр. падпёрся, ‑перлася; зак.
Абаперціся на што‑н. Паклаў .. [Гаруе лісты] на стол перад сабою, падпёрся локцямі і гэтак астаўся сядзець над імі. Чорны.
падпе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце.
Зак. да падпяваць (у 1 знач.).
падпе́чак, ‑чка, м.
Месца, прастора пад печчу. У падпечку зашамацела, залапатала, і на ўсю хату заспяваў певень. Мурашка.
падпе́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падпячы.
падпе́чны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца пад печчу. Прыгнуўшыся ў тры пагібелі,.. [Адэля] прапаўзла падпечным ходам і апынулася ў цёмнай, цеснай каморы. Броўка.
падпе́чча, ‑а, н.
Тое, што і падпечак. Хіма нарэзала сала на патэльню, паставіла яго на трыножніку перад чалеснікамі, дастала з падпечча сухіх трэсак. Сабаленка.
падпёк, ‑у, м.
Моцна падпечанае, падгарэлае месца на хлебе і пад. Булкі з падпёкам.
падпёрты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падперці (у 1 знач.).