шашлы́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шашлыку, уласцівы яму. Шашлычны гарнір. Шашлычны пах.
2. у знач. наз. шашлы́чная, ‑ай, ж. Сталовая, дзе гатуюць шашлыкі. А ў шашлычнай мае землякі-дружбакі З апетытам, якога не бачыла Ялта, Не смакуючы, знізвалі ўміг шашлыкі. Чэрня.
ша́шні, ‑яў; адз. няма.
Разм.
1. Інтрыгі, падкопы. [Стася] пачала адкрыта гаварыць рыбакам пра .. патаемныя шашні [Бешчата] з бандытамі. Бажко.
2. Любоўныя інтрыгі, сувязі. У сваім мужу Іна расчаравалася і хутка завяла шашні з нейкім Артурам. «ЛіМ».
шашо́к, ‑шка, м.
Драпежны звярок сямейства куніц з каштоўным пушыстым футрам. Звалілася была з шаста і закудахкала курыца. Пасля адразу ж сціхла, як бы яе шашок лапнуў за горла. Шашок часта прыходзіць у хлеў. Пташнікаў. // Футра гэтай жывёліны. Шапка з шашка.
шашы́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Ігрок у шашкі. Усіх шашыстаў дзіцячага дома выклікаў на спаборніцтва Вора Клябанаў. Шыловіч.
шашы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да шашыст.
шашэ́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шашы. Бензін.. перавозілі па шашэйным мосце і там грузілі ў вагоны. Лынькоў. // Які праводзіцца на шашы. Шашэйныя велагонкі. // Які з’яўляецца шашой. Група партызан атрымала баявое заданне ўзарваць мост, што знаходзіўся на шашэйнай дарозе, якая вяла да Мінска. Шыловіч. // Звязаны з пракладкай, рамонтам і эксплуатацыяй шашы. Шашэйныя работы. Шашэйныя рабочыя.
шва́бра, ‑ы, ж.
Род мятлы з мачалы, вяровак і пад., уробленых у драўляную калодку (выкарыстоўваецца для мыцця падлогі). [Матросы] завіхаліся са шлангамі, з вёдрамі вады і швабрамі, чысцілі, мылі, надрайвалі палубу і сцены надпалубных будынін. Лынькоў.
[Ням. Schwabber.]
шва́бскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да швабаў, які належыць, уласцівы ім. Швабскае паходжанне.