Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ганя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Праследуючы, бегаць за кім‑, чым‑н., каб дагнаць, злавіць. [Лабановічу] было лёгка, проста хацелася бегчы, ганяцца за гэтымі белымі пушынкамі, нібы яны былі жывымі, або ён сам быў яшчэ дзіця. Колас. // Высочваць месцапрабыванне каго‑н., каб затрымаць, схапіць. Самадзяржаўна-памешчыцкая ўлада пры жыцці Каліноўскага многа гадоў праследавала яго, занялася за ім па пятах. Лушчыцкі.

2. за кім-чым. Разм. Імкнуцца да чаго‑н., дамагацца каго‑, чаго‑н. Не прывык я за славай ганяцца — Можна хораша жыць без яе: У мяне ёсць цікавая праца, Ад якой не магу адарвацца, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч.

3. Зал. да ганяць (у 1, 2 і 3 знач.).

ганя́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Прымушаць рухацца, перамяшчацца шматразова або ў розных напрамках (звычайна пра жывёлу). Ганяць коней у прыводзе. □ У гэтым месцы Нёман мелкі і шырокі. І ездзяць, і ходзяць, і жывёлу ганяюць уброд. Колас. Па гэтым гасцінцы панскія паліцыянты ганялі скаваную моладзь — барацьбітоў за свабоду народа. Брыль.

2. Перакідваць, перакочваць з месца на месца. Па двары ганяць кола аказалася нязручна, яно падскоквала на няроўным бруку і трапляла ў ямкі. Самуйлёнак. Вецер ганяў па вуліцах ашмоцце абпаленай па краях паперы. Савіцкі. // Суправаджаць, вадзіць што‑н., правячы, накіроўваючы. Яшчэ падпаскам бацькаўскі парог Янук пакінуў. У паноў служыў, Рыбачыў, Нёманам ганяў плыты. Танк.

3. Разм. Вадзіць (аўтамашыну, поезд і пад.) на вялікай хуткасці; увогуле вадзіць машыну, ездзіць на машыне. Хлапчукі ганялі па .. [асфальце] траскучыя самаробныя самакаты. «Звязда». Цэлы дзень .. [Анатоль] завіхаўся на будоўлі, кіраваў брыгадай.., ганяў у раён прычэпы па цэглу і шыфер. Шашкоў.

4. Разм. Даваць частыя даручэнні, пасылаць куды‑н. пад прымусам. Стары ляснічы .. Цаніў Міхала, як служаку: Ганяў усюды небараку, Як бы скаціну тую нему. Колас.

5. Праследаваць звера, ісці па яго слядах. Сабака добра ганяе зайцаў. □ [Кастусь] ганяў па лесе вавёрак, спорваў птушыныя гнёзды. Ваданосаў.

6. Прымушаць пакінуць якое‑н. месца; выганяць, праганяць. Ганяць з месца на месца. □ Сёння ёсць вестак у птушак нямала, Спаць вецер не даў ім, ганяў іх з-пад стрэх. Танк.

7. перан.; па чым. Разм. Задаваць многа пытанняў па розных раздзелах вучэбнай праграмы. На другі дзень Багаяўленскі выклікаў Кастуся і пачаў ганяць па граматыцы. С. Александровіч.

8. звычайна без дап. (у злучэнні са словамі «у поле», «на пасьбу» і пад.). Быць пастухом. Цэлае лета ганяў у поле.

9. безас. Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе цябе ганяла?

10. Разм. Акучваць, абганяць (прапашныя культуры). Ганяць бульбу.

•••

Сабак ганяць — гультаяваць, лодарнічаць.

Толькі ваўкоў ганяць; хоць ваўкоў ганяй — пра вялікае пустое або халоднае памяшканне. Ім адным, старым, хоць ваўкоў ганяй — зусім пустая без дзіцяці хата. Васілевіч. Сцены былі яшчэ не патынкаваны.., і, як казала мачаха, зімой у хаце было — хоць ваўкоў ганяй. Сабаленка.

гапа́к, ‑а, м.

Украінскі народны танец, а таксама музыка да гэтага танца. Танцаваць гапака.

гаплі́к, ‑а, м.

Абл. Аплік. Трафімыч расшпіліў гаплікі шыняля і з кішэні на грудзях выняў трыкутнічак замусоленага пісьма. «Беларусь».

гар, ‑у, м.

1. Едкі пах ад няпоўнага згарання чаго‑н. Праз шчыліны ў акне цягне гарам: у агародзе маці паліць смецце і сухі бульбоўнік. Пташнікаў.

2. Рэшткі ад згарання якога‑н. рэчыва; нагар. На каменне падаў чорны гар. Вядомы Настачцы свет канчаўся і тлеў. Чорны.

3. Выпаленае месца ў лесе; пажарышча. Так і стаяць у мяне перад вачамі тая далёкая Палеская зямля, шырокія лясныя гары з абвугленымі стваламі і адзінокае.. печышча сярод кучы попелу. Хомчанка.

4. Адходы, рэшткі перагарэлага каменнага вугалю, якія скарыстоўваюцца пры будаўніцтве дарог і інш.

•••

Гары яно гарам; хай яно гарам гарыць гл. гарэць.

гара́, ‑ы; мн. горы, гор; ж.

1. Участак зямной паверхні, які высока ўзнімаецца над акаляючай мясцовасцю; проціл. нізіна. Гара Эльбрус. Узысці на вяршыню гары. Спусціцца к падножжу гары. Скалістыя горы. □ На многа вёрст былі відаць з гары.. палі жытоў і канюшыны. З. Астапенка. // толькі мн. (го́ры, гор). Гарыстая мясцовасць, горная краіна. Жыхары гор. Адправіцца ў горы. □ Мадам Гамрэкелі ад пачатку лета выехала з Гіо.. ў горы, на дачу, дзе не было малярыі. Самуйлёнак. // Прыроднае або штучнае ўзвышэнне для катання на санках, лыжах і пад. Ледзяная гара. Катацца з гары.

2. чаго. Награмаджэнне, вялікая колькасць чаго‑н. складзенага ў кучу, зваленага кучай. Махае даўжэзнай стралой экскаватар, Ім цэлыя горы Зямлі тут узняты. Нядзведскі. Шумейка зняў гару нейкіх папер і кніжак з крэсла. Дамашэвіч. // перан. Увогуле вялікая колькасць чаго‑н. Праўду могуць падказаць толькі дзве глыбокія маршчыны на лбе, ды яшчэ рукі, вялікія цёмныя рукі, якія перарабілі гару работы. Васілевіч.

3. Памяшканне, прастора паміж столлю і дахам на хаце; гарышча. Міхась перабраўся на гару, на хату, дзе была яго пасцель. Дамашэвіч. [Люба] палезла на гару і заўважыла, што дождж засякае ў акенца без шкла ў шчыце. Чорны.

4. (звычайна з прыназоўнікамі «у», «з», «на»). Верх, вышыня. Аконца-шчыліна ў скляпенні Так скупа шле святло з гары. Колас.

5. у знач. прысл. гаро́й. Высокай кучай; як гара. Сталы адсунулі ў куток, да ложка, на якім.. гарой узвышаліся падушкі. Шахавец.

•••

Абяцаць залатыя горы гл. абяцаць.

Гара з плячэй звалілася — пра збаўленне ад якіх‑н. вялікіх клопатаў, цяжкіх душэўных перажыванняў.

Горы варочаць гл. варочаць.

Горы вярнуць на каго гл. вярнуць.

Горы зрушыць гл. зрушыць.

Горы перавярнуць гл. перавярнуць.

Звярнуць горы гл. звярнуць.

Не за гарамі — а) пра што‑н. блізкае, што хутка наступіць, з’явіцца. Ён ідзе, камунізм! Гэта свята не за гарамі. Панчанка; б) блізка (быць, знаходзіцца і пад.). — Мы не за гарамі. Звяртайцеся, дапаможам. Асіпенка.

Стаяць гарой за каго-што гл. стаяць.

Як на каменную гару — цалкам, поўнасцю (спадзявацца, апірацца на каго‑н.).

гарава́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. гараваць.

гарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Жыць бедна, цярпець гора. Так і гаруе бедны Сцяпан: зямлі мала, сям’я — сем ратоў, кожнага накармі. Чарнышэвіч. Тады перастануць гараваць, як не будзе каму панаваць. Прыказка.

2. Сумаваць, тужыць па чым‑н.; перажываць якое‑н. няшчасце. Пражылі [Марта з Васілём] пяць год, а дзяцей усё не было. Асабліва гаравала па гэтым Марта. Пестрак.

•••

Гора гараваць (нар.-паэт.) — перажываць гора, пакутаваць.

га́равы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гару (у 4 знач.). // Пасыпаны гарам. Гаравая дарожка.

гарадаві́к, ‑а, м.

Уст. Гарадавы.