рэстара́тар, ‑а, м.
Уст. Уладальнік, гаспадар рэстарана. Але нічога каўказскага ў тым рэстаране не было, і нават гаспадар яго мала чым з выгляду адрозніваўся ад Бабекі: тая ж раздвоеная барада, толькі не сівая, а цёмна-русая, і сам рэстаратар быў шчуплейшы. Колас.
[Фр. restaurateur.]
рэстара́цыя, ‑і, ж.
Уст. Тое, што і рэстаран. Шмат было рэстарацый, кавярань, бараў як у цэнтры, так і па ўсім горадзе. Гарэцкі.
[Фр. restauration.]
рэстаўра́тар, ‑а, м.
1. Спецыяліст па рэстаўрацыі прадметаў мастацтва, старых помнікаў і пад.
2. Прыхільнік рэстаўрацыі (у 2 знач.); той, хто імкнецца вярнуць, аднавіць стары палітычны лад.
рэстаўра́тарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэстаўратара, рэстаўрацыі. Рэстаўратарская работа. Рэстаўратарскія тэндэнцыі.
рэстаўра́тарства, ‑а, н.
Дзейнасць па рэстаўрацыі помнікаў мастацтва і пад.
рэстаўрацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэстаўрацыі (у 1 знач.). Рэстаўрацыйная майстэрня.
рэстаўра́цыя, ‑і, ж.
1. Аднаўленне і ўмацаванне старых ці пашкоджаных помнікаў мастацтва, гісторыі і культуры. Рэстаўрацыя карціны. Рэстаўрацыя замка. □ Завершана рэстаўрацыя помніка старажытнарускай архітэктуры — Камянецкай абарончай вежы. «ЛіМ». Наша дзяржава асігнуе вялікія сродкі на даследаванне, рамонт, рэстаўрацыю і кансервацыю архітэктурных помнікаў. «Помнікі».
2. Аднаўленне ранейшага, звергнутага палітычнага ладу. Рэстаўрацыя капіталізму.
[Лац. restauratio.]
рэстаўры́раваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад рэстаўрыраваць.
рэстаўры́равацца, ‑руецца; незак.
Зал. да рэстаўрыраваць.
рэстаўры́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Зрабіць (рабіць) рэстаўрацыю (у 1 знач.), аднавіць (аднаўляць) што‑н. старое, папсаванае. Рэстаўрыраваць карціну. Рэстаўрыраваць замак. □ Бачыў у Салотчы новую гасцініцу і шэдэўр старога манастыра, які якраз рэстаўрыравалі. Караткевіч. Усе архітэктурныя помнікі, у тым ліку і нядаўна выяўленыя, павінны ўвайсці ў спіс аб’ектаў, якія неабходна рэстаўрыраваць. «Помнікі».
2. Аднавіць (аднаўляць) мінулае, тое, што было адменена, што аджыло. Рэстаўрыраваць старыя парадкі.