падкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.
1. Падбіць падкову, падковы. Паглядзі, ужо гатовы Коням новыя падковы. Толькі коней прывялі — Падкавалі кавалі. Шушкевіч. // Разм. Набіць знізу жалезную палосу, пласцінкі (на абцасы, палазы саней і пад.). Падкаваць сані.
2. перан. Разм. Падрыхтаваць да чаго‑н., даць неабходны запас ведаў, звестак. Падкаваць навукова.
падка́з, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. падказаць (у 1, 2 знач.).
2. Тое, што падказана. Пачуць падказ. □ Даўнія здымкі гартаю, што пацямнелі ад часу... Я кожны тут твар пазнаю без подпісу, без падказу. Лось. Гэта ж не жартачкі — навучыцца катацца на каньках так, як Эма! Без усякіх падказаў. Лупсякоў.
падка́заны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падказаць.
падказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што, з дадан. сказам і без дап.
1. Ціхенька, шэптам сказаць каму‑н. тое, што той павінен адказаць, вымавіць. Падказаць адказ. □ Пеця — хлопчык неблагі. Не скнара, не забіяка. Як трэба, дык і падкажа на ўроку. Хомчанка. // Дапамагчы ўспомніць, сказаць, напісаць. Лукаш .. стаў бліжэй да стала, нахіліўся да старшыні, каб падказаць яму, што напісаць у паперцы да Навікоўскага сельсавета. Галавач. [Дзед Талаш:] — [Букрэй] гаварыў, што да нас будуць прыставаць і нашы ворагі... Як ён іх называў, забыўся. — Правакатары, — падказалі дзеду. Колас.
2. Дапамагчы прыйсці да рашэння, навесці на думку. Падказаць выйсце. Падказаць, што рабіць. □ Сама прырода падказала палешуку шляхі да нястомнай дзейнасці. Сачанка. [Васіль і Ганна] пабачыліся праз тры дні — пабачыліся, хоць угавору не было: проста падказала пачуццё. Мележ.
3. Разм. Выдаць каго‑, што‑н.; данесці. Неўзабаве давялося спаткаць коннікаў: ім хтосьці выразна падказаў, дзе хаваюцца коні. Чорны.
падка́званне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падказваць.
падка́звацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падказваць (гл. падказаць у 1, 2 знач.).
падка́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падказаць.
падка́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
Тое, што і падказ. Бацьку гэтыя падказкі толькі яшчэ больш распалілі. Якімовіч. На гэты раз Рыгорка адразу пачуў падказку, радасна ўскінуў галаву. Краўчанка.
падка́зчык, ‑а, м.
Той, хто падказвае. Саша не звярнула ўвагі на гэтую акалічнасць, бо падказчыка больш не існавала для яе. Шамякін.