падказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., што, з дадан. сказам і без дап.
1. Ціхенька, шэптам сказаць каму‑н. тое, што той павінен адказаць, вымавіць. Падказаць адказ. □ Пеця — хлопчык неблагі. Не скнара, не забіяка. Як трэба, дык і падкажа на ўроку. Хомчанка. // Дапамагчы ўспомніць, сказаць, напісаць. Лукаш .. стаў бліжэй да стала, нахіліўся да старшыні, каб падказаць яму, што напісаць у паперцы да Навікоўскага сельсавета. Галавач. [Дзед Талаш:] — [Букрэй] гаварыў, што да нас будуць прыставаць і нашы ворагі... Як ён іх называў, забыўся. — Правакатары, — падказалі дзеду. Колас.
2. Дапамагчы прыйсці да рашэння, навесці на думку. Падказаць выйсце. Падказаць, што рабіць. □ Сама прырода падказала палешуку шляхі да нястомнай дзейнасці. Сачанка. [Васіль і Ганна] пабачыліся праз тры дні — пабачыліся, хоць угавору не было: проста падказала пачуццё. Мележ.
3. Разм. Выдаць каго‑, што‑н.; данесці. Неўзабаве давялося спаткаць коннікаў: ім хтосьці выразна падказаў, дзе хаваюцца коні. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)