Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

непераклада́льны, ‑ая, ‑ае.

Які нельга дакладна перакласці на іншую мову. Неперакладальны выраз.

неперакладны́, ‑ая, ‑ое.

Які нельга дакладна перакласці на іншую мову. Неперакладны зварот. Неперакладное слова.

непералі́ўкі, ‑лівак; адз. няма.

Разм. Тое, што і непярэліўкі. — З каменданта яго [пана Вячорыка] прагналі, але ён не разгубіўся. Як адчуў, што непераліўкі, хутчэй узяў ды і ажаніўся. Машара. Цыган, бачачы, што тут непераліўкі, завярнуўся і, засунуўшы рукі ў кішэні штаноў, пайшоў ад жанчын да цёшчынай хаты. Ермаловіч.

неперамо́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непераможнага.

неперамо́жны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога нельга перамагчы. Як непераможны асілак, Кастрычнік ідзе па зямлі. Аўрамчык. Народ устане з новай сілай Непераможны, горды, грозны. Танк. // Такі, якому цяжка процістаяць; непераадольны. Гэты праект захапіў дзядзьку Марціна сваёю простасцю і ў той жа час непераможнаю сілаю свайго доваду. Колас.

непераўзыйдзены, ‑ая, ‑ае.

Такі, што нельга пераўзысці, перавысіць. [Карэспандэнт:] — Дазвольце, дарагі юбіляр, павіншаваць Вас, вялікага, непераўзыдзенага майстра кароткага апавядання... Прокша.

неперахо́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непераходнага. Катэгорыя непераходнасці дзеяслова.

неперахо́дны, ‑ая, ‑ае.

У граматыцы — які не можа кіраваць вінавальным склонам без прыназоўніка. Непераходныя дзеясловы.

непісьме́ннасць, ‑і, ж.

1. Няўменне чытаць і пісаць. Чатырохгадовы план ліквідацыі непісьменнасці ў Перу паспяхова выкананы. «ЛіМ». // перан. Адсутнасць адпаведных ведаў у якой‑н. галіне; недасведчанасць у чым‑н. Палітычная непісьменнасць. Тэхнічная непісьменнасць. □ А справы ў Валянціна ішлі ўсё горш і горш. На кожнай планёрцы, кожным сходзе цэх называлі адстаючым, папракалі кіраўніка ў непісьменнасці, нядбайнасці. Астрэйка.

2. Уласцівасць, якасць непісьменнага. Непісьменнасць праекта.

непісьме́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ўмее чытаць і пісаць. Каліна быў зусім непісьменны: не ўмеў ні чытаць, ні пісаць. Няхай. [Маці] амаль што зусім непісьменная, але вельмі любіць, калі хто чытае ўголас. Брыль. // Які піша і гаворыць з граматычнымі памылкамі. Непісьменны вучань. // перан. Які не мае адпаведных ведаў у якой‑н. галіне, недасведчаны ў чым‑н. Непісьменны рэцэнзент.

2. Які мае (арфаграфічныя, стылістычныя і пад.) памылкі. Непісьменнае сачыненне. // Які выкананы без належнага ведання справы. Непісьменны чарцёж.

3. у знач. наз. непісьме́нны, ‑ага, м.; непісьме́нная, ‑ай, ж. Мужчына, жанчына, якія не ўмеюць чытаць і пісаць.