адысці́ся, адыдуся, адыдзешся, адыдзецца; пр. адышоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. адыдзіся; зак.
Ідучы, аддаліцца ад якога‑н. месца. Лявонка пачаў збіраць ягады і не заўважыў, як адышоўся ў бок ад статка. Шуцько. Стары паказаў мне месца, дзе сесці, а сам адышоўся крокаў за дваццаць і таксама сеў. Ляўданскі. // Перамясціцца, аддаліцца (аб падзеях, з’явах прыроды і пад.). За дзень вайна адышлася далёка наперад. Чорны. // перан. Прайсці новы этап, падняцца ў якіх‑н. адносінах на вышэйшую ступень. [Лабановічу] вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры. Колас.
адыхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. адыходзіць — адысці (у 1, 2 і 6 знач.). // Адбыццё, адпраўленне. Заставалася шмат часу да адыходу поезда. Колас.
2. Тое, што і адходы.
•••
На адыход, на адыходзе — перад тым, як пайсці, пакінуць каго‑н.; на развітанне.
адыхо́дак, ‑дку, м.
У выразе: на адыходак — тое, што і на адыход (гл. адыход). Неўзабаве ўсе разышліся, толькі некалькі мужчын і хлапцоў спынілася на вуліцы закурваць на адыходак. Чорны.
адыхо́дзіны, ‑дзін; адз. няма.
У выразе: на адыходзіны — тое, што і на адыход (гл. адыход).
адыхо́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца.
Незак. да адысціся.
адыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
1. Незак. да адысці (у 1–6 знач.).
2. Адступаць, змяняць сваё месцазнаходжанне. Каналы збяруць стаячыя балотныя завадзі, .. будзе наступаць чалавек, .. будзе адыходзіць вялікае балота. Самуйлёнак. // Адгаліноўвацца, вылучацца з чаго‑н. агульнага, асноўнага. Дзедаў стажок, вазоў на пяць, стаяў непадалёку ад сядзібы ўскрай балота, ад якога адыходзіла густая бародка нізкарослага хмызу. Колас. Чатыры .. вуліцы, нібы пучок промняў, адыходзілі ад саду. Шамякін.
•••
Што яму (ён, ім) адыходзіць — гэта яму (ёй, ім) не цяжка, гэта для яго (яе, іх) самая дробязь.
адыхо́длівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць адыходлівага.
адыхо́длівы, ‑ая, ‑ае.
Здольны хутка забываць крыўду, супакойвацца пасля гневу, злосці. Адыходлівае сэрца. □ Бацька ў злосці быў чалавек не зацяты — наадварот, вельмі адыходлівы. Сабаленка. Працаваць трэба было разам, ды Шаліма і не ўмеў доўга трымаць злосці, быў на дзіва адыходлівы. Асіпенка.
адыхо́днае, ‑ага, н.
Тое, што робіцца на адыход самым апошнім.
адыхо́дная, ‑ай, ж.
Малітва, якую чытаюць над тым, хто памірае. // перан. Выкліканая адыходам; развітальная. Ужо даўно вызвоньвае адыходную зіме наша калгаснае кузня. Брыль.