непаўто́рны, ‑ая, ‑ае.
Адзіны ў сваім родзе; выключны, асаблівы. Кожная рака, нібы жывая істота, мае свой нораў, свой характар, сваё аблічча, свой непаўторны .. выгляд. В. Вольскі. Прастор лашчыў вока красой непаўторнай і свежай. Панчанка.
непахва́льны, ‑ая, ‑ае.
Які не заслугоўвае пахвалы, адабрэння; ганебны. Непахвальныя паводзіны. Непахвальны ўчынак.
непахі́снасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непахіснага. Непахіснасць ідэйных асноў. □ Калі [Галынскі] гаварыў, усё здавалася ясным, непахісна верным. Але варта было хоць каму запярэчыць яму, як знікала гэтая непахіснасць. Галавач.
непахі́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што нельга пахіснуць; устойлівы. Светлаю любоўю да Радзімы, Сілай непахіснай у плячах Услаўляем вобраз мы любімы — Дарагія рысы Ільіча! Звонак.
2. Цвёрды, стойкі (у сваіх намерах, перакананнях і пад.). Лірычны герой вершаў В. Таўлая паўстае перад чытачом як непахісны барацьбіт за шчасце народа. Шкраба. Ты [баян-кабзар] прайшоў яго [шлях], Як асілак-змагар непахісны, І агню твайго Не згасіў ніхто. Колас. // Які ўласцівы такому чалавеку. Усю гэтую навалу вытрымала, выстаяла і перамагла непахісная воля народа. Паслядовіч. Характар у.. [бацькі] цвёрды і непахісны, як скала. Пянкрат. // Які выяўляе стойкасць, цвёрдасць. Хлопцы адчулі палёгку і непахісную ўпэўненасць у сваёй незалежнасці. Вітка.
непача́ты, ‑ая, ‑ае.
Такі, якога яшчэ не пачыналі, за які яшчэ не браліся; цэлы. Ля дашчанай агароджы, за якой ўзвышаліся.. стагі, скуб траву стрыножаны гняды конь. Непадалёку стаяў непачаты воз сена. Чыгрынаў.
•••
Непачаты край гл. край 1.
непачці́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць непачцівага; непашана. Непачцівасць да старэйшых.
непачці́вы, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца к людзям без пачцівасці, павагі; недалікатны. Непачцівае дзіця. // Які выражае непачцівасць. [Міхась] не спадабаўся Пятру Пятровічу сваімі паводзінамі, сваёй непачцівай смеласцю... Шахавец.
непаша́на, ‑ы, ж.
Непачцівыя, няветлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Васіль усё ж пайшоў к Міканору неахвотна: так, абы не пакрыўдзіць маткі і не паказаць непашаны да суседа. Мележ.
непашко́джаны, ‑ая, ‑ае.
Які застаўся цэлым, добра захаваўся. Ведалі кулямётчыкі, ды і не толькі яны, асобую любоў камбрыга да тэхнікі і таму стараліся не псаваць яе, калі можна было захапіць непашкоджаную. Шчарбатаў.