Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

непасрэ́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непасрэднага; натуральнасць. Непасрэднасць пачуццяў. □ Гады, што аддзяляюць нас ад падзей мінулага, аслабляюць непасрэднасць эмацыянальных адносін да іх. Перкін. // Непасрэдны характар, непасрэдныя паводзіны. Юнацкая непасрэднасць. □ [Голас], здавалася, вось-вось.. сарвецца. Але колькі ў ім было непасрэднасці, шчырасці, замілавання! Асіпенка.

непасрэ́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае прамежкавых звенняў; прамы. Непасрэдная сувязь. Непасрэднае кіраўніцтва. Непасрэдны начальнік. □ Непасрэднага ўплыву французская мова на беларускую не мела. Юргелевіч. [Гарлахвацкі:] Я хачу, каб вы працавалі пад маім непасрэдным наглядам. Крапіва.

2. Які робіць усё без сумнення, кіруючыся толькі ўнутранымі схільнасцямі; просты, шчыры. Была Жана непасрэдная, вясёлая, быццам пранізаная сонечным святлом. Даніленка. Шурка вельмі непасрэдны і шчыры чалавек. Васілевіч. // Які праяўляецца свабодна, натуральна. Слова за слова — і размова набыла шчыры, непасрэдны характар. Асіпенка.

непастая́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Няўстойлівы, зменлівы. Непастаяннае надвор’е. □ У Адама Ягоравіча было цяжкае дзяцінства. Бацька.. не меў надзелу, і сям’і даводзілася жыць з няпэўных і непастаянных заробкаў, на ўсім купленым. М. Стральцоў. Ды як паверыш ветру-ветрагону: Такі непастаянны — проста страх! То лісце разганяе па адхонах, То звоніць цэлы дзень у правадах. Свірка.

2. Які часта мяняе свае погляды, звычкі, адносіны да каго‑, чаго‑н. Непастаянны чалавек.

непастая́нства, ‑а, н.

Уласцівасць непастаяннага.

непатапля́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць судна заставацца на вадзе і захоўваць мараходныя якасці пасля затаплення аднаго або некалькіх яго адсекаў.

непатрабава́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непатрабавальнага; адсутнасць патрабавальнасці.

непатрабава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Сціплы ў сваіх патрэбах. Аляксандр Акімавіч добры чалавек, але ж занадта аскетычны нейкі і непатрабавальны да жыцця. М. Стральцоў. // Які можа расці, існаваць у розных умовах (пра расліны, жывёлу). Лішайнікі — самыя непатрабавальныя расліны. // Просты, без прэтэнзій. Непатрабавальны густ.

2. Які не прад’яўляе высокіх патрабаванняў да каго‑н.; які не вызначаецца патрабавальнасцю. Непатрабавальны камандзір.

непатрэ́бна, у знач. вык.

Без патрэбы. Не хацелася думаць аб ядзе, ды яна зусім была.. [Антосю] непатрэбна. Гартны.

непатрэ́бнасць, ‑і, ж.

Адсутнасць патрэбы ў кім‑, чым‑н.

непатрэ́бны, ‑ая, ‑ае.

Такі, у якім няма патрэбы, неабходнасці; лішні. [Талстоў] прыпыняецца, амаль на хаду скідае.. [боты], разам з імі кідае непатрэбную без ракет ракетніцу. Брыль. Маланкі крэслілі неба так часта, што жоўты агеньчык свечкі стаў зусім .. непатрэбны. Караткевіч.