Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

непаслухмя́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць непаслухмянага; непаслушэнства.

непаслухмя́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які не слухаецца, не жадае слухаць каго‑н.; які дзейнічае насуперак. Часам на Ніка як бы нешта находзіла, і ён станавіўся дзёрзкі, грубы і непаслухмяны. Лынькоў. Арцём — чалавек непаслухмяны, гарачы. Бажко. / у знач. наз. непаслухмя́ны, ‑ага, м.; непаслухмя́ная, ‑ай, ж. Маці войкала, нават біла непаслухмяную, але Соні — мора па калена. Лось. // Які не падпарадкоўваецца волі, жаданню, розуму. Ногі раптам сталі непаслухмянымі. Мележ. Ад доўгага сядзення цела зрабілася нібы чужым, непаслухмяным. Шыцік. // перан. Які не паддаецца або з цяжкасцю паддаецца якому‑н. уздзеянню. Рукой нябачнай вецер тузае Непаслухмяных пасмаў чуб. Макаль.

непаслушэ́нства, ‑а, н.

Нежаданне або адмаўленне слухацца, слухаць каго‑н. Непаслушэнства дзяцей. □ Непаслушэнства ўнука, а тым больш заступніцтва за яго чужога чалавека, зусім раззлавалі гаспадыню. Пальчэўскі. // Адмаўленне падпарадкавацца каму‑н. Клямт адчуваў, як сярод.. [салдат] пашыраецца дух непаслушэнства і абыякавасці да начальства. Мележ.

непаслядо́ўнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць пепаслядоўнага. Хай чытач прабачыць некаторую непаслядоўнасць у нашым апісанні: асобныя адступленні неабходны для таго, каб больш поўна намаляваць карціну. Новікаў.

2. Непаслядоўны ўчынак, паводзіны і пад.

непаслядо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Пазбаўлены паслядоўнасці; нелагічны. Непаслядоўныя погляды. Непаслядоўныя паводзіны. // Такі, які не кіруецца паслядоўнасцю. Непаслядоўны чалавек.

непаспе́шлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непаспешлівага; павольнасць.

непаспе́шлівы, ‑ая, ‑ае.

Такі, якому не ўласціва паспешлівасць; павольны. Непаспешлівы чалавек. // Пазбаўлены паспешлівасці, спакойны. Непаспешлівая манера апавядання. □ Ніна пачула яшчэ ў сенцах яго [Сяргея] спакойныя непаспешлівыя крокі. Мележ.

непаспява́ючы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дрэнную паспяховасць, адстае ў занятках. Непаспяваючы вучань. // у знач. наз. непаспява́ючы, ‑ага, м. Вучань, які мае дрэнныя адзнакі, адстае ў занятках. Работа з непаспяваючымі.

непаспяхо́васць, ‑і, ж.

Дрэнная паспяховасць у вучэбных занятках.

непаспяхо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які не прыносіць поспеху. Непаспяховыя пошукі.