жылкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. З вялікай колькасцю жылак (у 1, 3 і 4 знач.).
жы́лкавы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з жылкі (у 2 знач.). Лескі з кепскага воласу і баваўняныя шнуры ў залежнасці ад таўшчыні і трываласці лепш за ўсё аснашчаюць жылкавымі павадкамі сячэннем ад 0,25 да 0,15 міліметраў. Матрунёнак.
жы́лле, ‑я, н., зб.
Разм. Жылы (гл. жыла ў 1, 2 знач.). Крывёю паліліся не толькі шчокі, а і вушы, лысіна, шыя, на якой зараз жа павыпіналася жыллё. Ермаловіч.
жыллё, ‑я, н.
1. Населенае месца; месца, дзе жывуць людзі; паселішча. Азяблыя галубы ціснуліся да жылля, садзіліся на падаконнікі. Жычка. Жыллё чалавечае ён абміне Балотам, гушчарам як толькі мага. Зарыцкі.
2. Памяшканне (дом, хата, пакой і інш.), у якім хто‑н. жыве. Другі пакой, больш прасторны, служыў.. [гаспадыні] жыллём. Ракітны. // Пра гняздо, нару, логава і пад. Адны з .. [дзятлаў] заняты звычайнай работай: шукаюць у кары на абед чарвякоў: другія — больш важнай: будуюць жыллё. Якімовіч.
жыллёвы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да жылля, звязаны з яго выкарыстаннем. Жыллёвае пытанне. Жыллёвае будаўніцтва. Жыллёвыя ўмовы.
жылпло́шча, ‑ы, ж.
Плошча дома, кватэры і пад., прызначаная для жылля; жыллёвая плошча. // Памяшканне для жылля, кватэра. Дэмабілізаваўся [генерал-маёр] і хоча жыць у Мінску, але, каб прапісацца, трэба знайсці вольную жылплошчу. Карпаў.
жылы́, ‑ая, ‑ое.
1. Прызначаны для пражывання каго‑н., адведзены пад жыллё (у 2 знач.). Будаўніцтва жылых дамоў. □ — Жылы гарадок расце, маці, з кожным днём, — гаварыў цяпер Раман Дзянісавіч. Хадкевіч. // У якім жывуць людзі; населены. Кох з Вейсам кінуліся ў жылы будынак. Лынькоў.
2. Характэрны для жылля, уласцівы жыллю. Жылы выгляд.
жы́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да жылы (у 1, 2 знач.). // Зроблены з жылы. Жыльныя струны.
2. Які мае адносіны да жылы (у 3 знач.). Жыльнае золата.