Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шабулды́х, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. шабулдыхнуцца і шабулдыхнуць. У яму, дзе зімавала бульба, набегла вада. Косцік ішоў, паслізнуўся на гліне і — шабулдых у ваду. С. Александровіч. [Рыбак:] — Падцягнуў.. [шчупака] да берага, хацеў рукамі ўхапіць, ды не ўтрымаўся і — шабулдых у ваду! Якімовіч.

шабулды́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Разм. З шумам, хутка ўпасці, уваліцца ў ваду, балота і пад. Сомік шабулдыхнуўся ў калатушку і ўехаў аж па пояс. Крапіва.

шабулды́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. што. Кінуць што‑н. у ваду або выплеснуць ваду куды‑н. Шабулдыхнуць камень у ваду. □ Шабулдыхнуў [ражку] з вадою на галаву. Тады не было калі мыцца, а ў гэтай мясцовасці і не было дзе. Сташэўскі.

2. Тое, што і шабулдыхнуцца.

шабуршэ́ць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак.

Разм. Шамацець, шастаць. За дзвярыма хлюпаў дождж, вольны вецер шабуршэў саламянымі стрэхамі. Лынькоў. [Міхась] ішоў па ржэўніку, і ржэўнік шабуршэў пад нагамі. Скрыган.

шаве́ц, шаўца, м.

Майстар па шыццю і рамонту абутку. Шаўцу заказчык боты заказаў І ў тэрмін да яго ў майстэрню завітаў. Корбан. — Куды ты, Андрэй? — запытала ў яго маці. — У камору. Кавалак скуры там быў. Боты трэба шаўцу занесці, няхай падладзіць, а то перады рвуцца. Чарнышэвіч.

шаве́цкі, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з шыццём і рамонтам абутку; які служыць для шыцця і рамонту абутку. Шавецкая справа. Шавецкі варштат. □ Зранку пасля паверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Колас. Гарасім дастаў з шуфляды стала вялікую шавецкую іголку і даў мне. Якімовіч.

•••

Шавецкая смала гл. смала.

шаве́цтва, ‑а, н.

Рамяство, занятак шаўца. Бацька — бадыль дымаўскі. Зямлі сваёй нават і дзесяціны поўнай не было. Шавецтвам займаўся. Крапіва.

шавіёт, ‑у, М ‑віёце, м.

Лёгкая, мяккая, крыху варсістая шарсцяная ці паўшарсцяная тканіна, якая ідзе на шыццё верхняй вопраткі. Касцюм з шавіёту.

[Англ. cheviot.]

шавіётавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шавіёту. Шавіётавая вытворчасць. // Пашыты з шавіёту. Убраны ў сіні шавіётавы касцюм і ў сіняй кепцы на галаве, на двор выйшаў Генька. Паслядовіч.

шавіні́зм, ‑у, м.

Ваяўнічы буржуазны нацыяналізм, які прапаведуе выключнасць адной нацыі і пагарду да іншых, распальвае нацыянальную варожасць. Ведучы рашучую барацьбу супраць буржуазнага нацыяналізму і шавінізму, Маркс падкрэсліваў, што сапраўдныя нацыянальныя інтарэсы рабочага класа не толькі не супярэчаць інтарэсам інтэрнацыянальным, а, наадварот, арганічна спалучаюцца з імі. «Звязда».

[Фр. chauvinisme.]