Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гавя́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж., зб.

Абл. Буйная рагатая жывёла; каровы. — Паглядзі адно, як цікава расцягнуўся цуг кароў. Вось колькі гавяды ў Сілцах! Гартны.

гавя́джы, ‑ая, ‑ае.

Абл. Які мае адносіны да гавяды. Пахла сухою зямлёю і гавяджым гноем. Гартны.

гавя́дзіна, ‑ы, ж.

Абл. Ялавічына. Даўно ўжо так не абедаў Пракоп, і лепшым доказам гэтага багатага абеду служылі засеўшыя ў зубах кавалачкі гавядзіны. Колас.

га́га, ‑і, ДМ газе, ж.

Палярная нырцовая качка з каштоўным мяккім цёплым пухам.

гага́канне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. гагакаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Ляцяць дзікія гусі.. Іх гагаканне, больш чым вясна, вярэдзіць душу. Паўлаў.

гага́каць, ‑ае; незак.

Разм. Абзывацца крыкам, падобным на гукі «га-га-га» (пра гусей); гагатаць. Галасіста, ажно далёка на паплавах адгукалася рэха, гагакалі гусі. Шамякін.

гага́кнуць, ‑не; зак.

Аднакр. да гагакаць.

гагалі́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гогаля (у 1 знач.).

га́ганне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гагаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Гаганне гусей.

гага́ра, ‑ы, ж.

Вялікая паўночная вадаплаўная птушка з густым пер’ем.