Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

блакі́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць блакітнага. Якое шкло! Такое празрыстае, з ледзь-ледзь прыкметнай блакітнасцю! М. Ткачоў.

блакі́тнець, ‑ее; незак.

Станавіцца блакітным, набываць блакітны колер. А дзень усё блакітнеў, і сонца, ужо трошкі цёплае, пачало зіхацець на ствалах. Караткевіч.

блакі́тніца, ‑ы, ж.

Птушка атрада вераб’іных з рознакаляровай афарбоўкай пер’я.

блакі́тны, ‑ая, ‑ае.

Светла-сіні; колеру яснага чыстага неба. Паўночную частку Беларусі нездарма называюць краем блакітных азёр. В. Вольскі. Цікавыя былі .. [Гарасімавы] вочы, блакітныя, як у дзіцяці. Чарнышэвіч.

блакно́т, ‑а, М ‑ноце, м.

Сшытак або запісная кніжка з адрыўнымі лістамі для нататак. [Прафесар] нешта запісваў у свой блакнот, відаць, збіраўся сказаць сваё важкае слова. Шахавец. Сядзіць .. [Тася], расказвае, а карэспандэнт усё ў блакнот запісвае. Бялевіч.

[Фр. bloc-notes.]

блакно́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да блакнота. [Сакратар ячэйкі] сагнуўся над сталом і перачытваў напісанае на блакнотных лістках. Галавач.

бландзі́н, ‑а, м.

Мужчына са светлымі валасамі. Сярод вясковага насельніцтва Рыфскіх гор сустракаецца нямала бландзінаў і шатэнаў з блакітнымі і шэрымі вачыма. В. Вольскі.

[Фр. blondin.]

бландзі́ністы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Светларусы, бялявы. [Волечка] высокая ростам, з пышнымі бландзіністымі валасамі, густа прычэсанымі пад хусцінку. Чорны.

бландзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жанчына са светлымі валасамі. [Цёця Каця Гарлахвацкаму:] Мне здавалася раней, што ваша жонка чарнявай.. адно ж яна бландзінка. Крапіва.

бланк, ‑а, м.

Ліст паперы з друкаваным загалоўкам установы, прадпрыемства або з часткова надрукаваным тэкстам, астатняя частка якога запаўняецца пры неабходнасці. Бланк міністэрства. Тэлеграфны бланк. // Кніжачка з часткова надрукаваным тэкстам, якая прызначаецца для афіцыйнага дакумента. Яшчэ ўвосень 1941 года Мікалай і Марат на пажарышчы ў раёне Камароўкі выпадкова знайшлі пад кучай попелу цэлы стус уцалелых нейкім цудам ад агню бланкаў савецкіх пашпартоў. Пятніцкі.

[Фр. blanc — белы.]