Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пагразі́ць, ‑гражу, ‑грозіш, ‑грозіць; зак.

1. Зрабіць пагражальны жэст. Пагразіць свавольнікам. □ Амелька пагразіў кулаком у бок сяла і пачаў заводзіць свой матацыкл. Якімовіч. Таццяна пагразіла пальцам: — Сынок, нельга самому браць. Пальчэўскі.

2. Выказаць пагрозу. — А я закрычу! — пагразіў Рабушка. Новікаў. — Ну што ж, наракай пасля на сябе, — пагразіў тады Брава Жыватоўскі. Чыгрынаў.

паграмі́ць, ‑грамлю, ‑громіш, ‑громіць; зак., што і без дап.

1. Разграміць усё, многае.

2. Граміць некаторы час.

пагран...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «пагранічны», напрыклад: пагранатрад, пагранзастава, пагранслужба.

паграні́ць, ‑граню, ‑граніш, ‑граніць; зак., што.

1. Нанесці, зрабіць грані на ўсім, многім.

2. Граніць некаторы час.

паграні́чнік, ‑а, м.

Ваеннаслужачы ў войсках пагранічнай аховы. Каля варот заставы стаяў з вінтоўкаю пагранічнік-чырвонаармеец. Колас. Акружаныя ў доце, пагранічнікі біліся да апошняга патрона. Брыль.

паграні́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца каля граніцы, уздоўж граніцы. Пагранічная зона. □ Тут ляжала калісьці прасека Пагранічнай лясной паласы. Калачынскі. Пагранічная пушча вакол загула. Куляшоў. // Які адбываецца на граніцы. Пагранічны інцыдэнт. Пагранічная служба. // Які паказвае граніцу. На бурым .. фоне прыемна вылучаюцца паласатыя пары пагранічных слупоў. Брыль.

2. Які мяжуецца з кім‑, чым‑н. Пагранічная рэспубліка. Пагранічныя горы.

3. Які мае адносіны да аховы граніцы. Пагранічная варта. Пагранічная застава. Пагранічны гарнізон. □ Прыдзвінне ад Полацка да граніцы з Латвіяй было краем насцярожанай пагранічнай цішыні. Хадкевіч.

паграні́чча, ‑а, н.

Месца, зона, раён на граніцы. У штабе атрада мне паказалі адзін з шматлікіх дакументаў мужнасці. Два лісточкі паперы, на якіх формай рапарта начальніка заставы коратка і суха гаварылася аб змаганні і смерці васемнаццаці герояў пагранічча. Брыль.

паграшы́ць, ‑грашу, ‑грэшыш, ‑грэшыць; зак.

Грашыць некаторы час.

пагро́за, ‑ы, ж.

1. Абяцанне зрабіць каму‑н. зло, непрыемнасць. Выказаць пагрозу. Не звяртаць увагі на пагрозы. □ [Мужчыны] стаялі на раллі вакол Міхалкі, закурвалі і моўчкі слухалі аканомавы пагрозы. Галавач. Пагрозы [Волькі] кінуць участак і не ступіць больш на яго нагой былі, безумоўна, пустой гаворкай. Васілевіч. // Злосць, пагрозлівы тон. У голасе бацькавым была пагроза і крыўда, што і дачка не будзе слухаць яго. Тады ўсяму канец. Каваль.

2. Небяспека, якая тоіцца ў чым‑н. Пагроза смерці. □ Пад пагрозай атруты [хлопцы] выкінулі нямала і добрых грыбоў. Маўр. // Тое, што стварае небяспеку. Фашызм — пагроза міру на зямлі.

пагро́злівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пагрозлівага. Ніколі раней Аляксей не чуў такой пагрозлівасці і рашучасці ў голасе Сашы. Новікаў.