Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пагро́злівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выражае пагрозу. Пагрозлівы выраз твару. Пагрозлівыя словы. □ Хлопец увесь час адчуваў калючы, насцярожаны, папераджальны і пагрозлівы бацькаў позірк. Шамякін.

2. Які тоіць у сабе пагрозу. Толькі жоўтыя трасіры памчаліся ў невядомую, цяпер пагрозлівую цемень... Лупсякоў. З першых сваіх крокаў шахтапраходчыкі сустрэліся з вельмі пагрозлівымі з’явамі. Кулакоўскі. Алесь расказаў пра дарогу, пра размову з прафесарам, пра тое, як гучала песня ў снягах, пра пагрозлівы сон. Караткевіч.

пагро́зны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пагрозлівы (у 1 знач.). Аднаго разу пагрознае гудзенне [самалёта] пранеслася над самымі хвоямі. Лынькоў.

пагро́м, ‑у, м.

1. Разарэнне чаго‑н., разгром. Мацей са сваёй хэўрай за паўгадзіны зрабіў у Перцавай хаце сапраўдны пагром. Дамашэвіч. З усмешкай пазіраючы на партызанскіх дактароў, .. [камандзір] пачынаў расказваць, як [лісіца] не раз учыняла пагром на кухні санчасці. Няхай.

2. Рэакцыйна-шавіністычнае выступленне супроць якой‑н. нацыянальнай групы насельніцтва, якое суправаджаецца грабяжом маёмасці і масавымі забойствамі. У.. [мястэчку Турцы] у кастрычніку 1941 года адбыўся першы ў Баранавіцкай вобласці яўрэйскі пагром. Брыль.

пагро́млены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паграміць.

пагро́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пагрому. // Які заклікае да пагрому.

пагро́мшчык, ‑а, м.

Удзельнік або арганізатар пагрому. Фашысцкія пагромшчыкі. □ Я помню тыя дні, што папялішчам сталі: Пагромшчыкі-жаўнеры ў Мінску панавалі. А. Александровіч.

пагрубе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў, зрабіўся грубым, грубейшым. Пагрубелыя рысы. Пагрубелыя рукі.

2. Разм. Які стаў, зрабіўся поўным, паўнейшым. Пагрубелы мужчына.

пагрубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць, зрабіцца грубым, грубейшым. Твар Залеціна дзіўна пагрубеў за дзень. Хадкевіч.

2. Разм. Стаць, зрабіцца поўным, паўнейшым. Нават у паліто было відно, як пагрубела .. постаць [Лёдзі]. Карпаў.

3. Абл. Стаць цяжарнай. Дзівачка мая Марылька. Якая яна сарамяжая. Як стала відно, што пагрубела, дык з кватэры не мог выцягнуць. Сабаленка.

пагрубія́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

Грубіяніць некаторы час.

пагру́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пагрузіць.