паго́дзіць, ‑дзіць; безас. незак.
Разм. Пра добрае, спрыяльнае надвор’е. Покуль пагодзіць і годзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк.
паго́длівы, ‑ая, ‑ае.
Добры, ясны, цёплы. За акном святлеў ясны пагодлівы ранак. Гартны. Стаіць позняя, але пагодлівая і ціхая восень. Дуброўскі.
паго́днены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пагадніць.
паго́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Тое, што і пагодлівы. Усталявалася пагодная восень. Чарнышэвіч.
2. Які мае адносіны да пагоды. Пагодныя адзнакі зімы.
паго́йдванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пагойдваць і пагойдвацца.
паго́йдвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Гайдацца злёгку або час ад часу. Байдарка ціха пагойдваецца на блакітнай спакойнай вадзе. В. Вольскі. У паднябессі ледзьве пагойдваліся вяршыні старых бяроз. Новікаў.
паго́йдваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, чым.
Гайдаць злёгку або час ад часу. Пагойдваць нагой. □ Вада пагойдвае лодку, асабліва калі набліжаецца наш цеплаход. Сачанка. Фурман спяваў нешта сумнае і шырокае, пагойдваў у такт спевам галавою. Караткевіч. / у безас. ужыв. Аўтобус пагойдвала, ручка скакала па паперы, выводзячы каракулі. Жычка.
паго́йсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і пагайса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Гойсаць некаторы час. Пагойсаць па вуліцы. Пагайсаць на кані.