Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

непако́ра, ‑ы, м. і ж.

1. ж. Непакорнасць, непадуладнасць каму‑н. [Думцы Я. Купалы] пастаянна ўласцівы дух непакоры, бунту, пратэсту. Навуменка.

2. м. і ж. Такі, якога немагчыма скарыць. Карчагін... Ён выстаяў скрозь, непакора! Глядзіць са старонак сурова, з дакорам. Арочка.

3. м. і ж. Упарты чалавек; неслух. Спачатку.. [бацька] намерыўся было сесці на лаву, пагутарыць з Галінай аб яе жыцці, вучобе.., падзяліцца, з бачкой сваімі думкамі, але рагаталі перадумаў, рэзка махнуў рукою і выйшаў за дзверы. — Во, стары непакора, — злосна заключыла маці, ставячы на стол пачастунак. Краўчанка.

непако́раны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога не пакарылі; які застаўся незалежным. Непакараны народ.

непако́рлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непакорлівага.

непако́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і непакорны.

непако́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непакорнага.

непако́рны, ‑ая, ‑ае.

Які не хоча пакарацца, быць падуладным каму‑н. Тут край мой на самым стаіць рубяжы, і тут вось — маё непакорнае племя. Маракоў. У мінулым.. [Я. Купалу] перш за ўсё цікавяць моцныя духам, валявыя і непакорныя натуры. Шкраба. // Які ўласцівы такому чалавеку. Непакорны характар. // перан. Які не паддаецца або з цяжкасцю паддаецца якому‑н. уздзеянню; непаслухмяны. [Сямён] быў такі ж, як і раней: рослы, шыракаплечы, з моцнай шыяй, з бялявым непакорным віхорам. Мележ. Вольга адкінула з ілба непакорную пасму валасоў і з дакорам паківала галавой. Даніленка.

непакры́ты, ‑ая, ‑ае.

Без галаўнога ўбору. [Лясніцкі] дзесьці пакінуў шапку і ішоў з непакрытаю галавою. Шамякін. Ціхі вецер развяваў непакрытыя валасы Аксінні. Лынькоў.

непала́дкі, ‑дак і ‑каў; адз. непаладка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

1. Адсутнасць наладжанасці; недахопы ў рабоце чаго‑н. [Марцін:] — Слоў няма: МТС перадавая, але ўсякіх непаладак там вельмі многа. Лупсякоў. Стрыманы, ветлівы, камандарм амаль заўсёды, прыязджаючы ў дывізію, быў незадаволены, знаходзіў розныя непаладкі. Мележ.

2. Непаразуменні, сваркі; нелады. Апошні рубеж сталасці пройдзен, выпрабаванне на трываласць сям’і зроблена. Мінулі хвіліны спрэчак і непаладак. Ваданосаў.

непалахлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога цяжка напалохаць; даволі смелы. Непалахлівы чалавек.

непа́лец,

гл. непальцы.