пагайда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; і паго́йдаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што, чым.
Гайдаць (гойдаць) некаторы час. Пагайдаць калыску. Пагойдаць нагой.
пагалада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Галадаць некаторы час. Страты былі вялікія, прыйшлося шмат і пагаладаць і памерзнуць, і толькі пад вясну блакада скончылася. Шахавец.
пагаласі́ць, ‑лашу, ‑лосіш, ‑лосіць; зак.
Галасіць некаторы час.
пагале́ць, ‑ее; ‑еем, ‑ееце, ‑еюць; зак.
1. Агаліцца, стаць больш голым (аб лесе, полі і пад.) — пра ўсё, многае. Сады пагалелі. // Стаць, зрабіцца пустымі, бязлюднымі — пра ўсё, многае. Так, дорага абышлася народу гэтая блакада. Вёскі пагалелі канчаткова, людзі туліліся ў лесе. Лось.
2. перан. Стаць бедным, збяднець — пра ўсіх, многіх. Людзі пагалелі за вайну.
пагалёкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Галёкаць некаторы час. Мы пагалёкалі ў лесе, а потым зноў выйшлі на бераг ракі. С. Александровіч.
пага́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак., на каго-што.
Абл. Паквапіцца, пагнацца на каго‑, што‑н., пажадаць займець, захапіць. [Аўгіня:] — Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. Колас. [Клёст:] — Неўзабаве шэсцьдзесят стукне. Якая кабета пагаліцца на такога кавалера? Шашкоў.
пагалі́цца, ‑галю́ся, ‑го́лішся, ‑го́ліцца; зак.
Пагаліць сябе; пабрыцца. Мне трэба было пагаліцца, і я пайшоў у цырульню. Гамолка.
пагалі́ць, ‑галю, ‑голіш, ‑голіць; зак., каго-што.
Зрэзаць брытвай начыста валасы сабе або каму‑н. Пагаліць бараду. □ Палонных пагалілі і зганялі ў лазню. Краўчанка.
пагало́ска, ‑і, ДМ ‑лосцы; Р мн. ‑сак; ж.
1. Чуткі, размовы, якія перадаюцца. Пагалоска пра злоўленае ваўчанё хутка абляцела ўвесь калгас. Якімовіч. І пайшла па гарадах і вёсках пагалоска пра подзвіг Тараса, які аддаў сваё жыццё, каб жыла Радзіма. Гурскі.
2. Моцныя гукі, якія выклікаюць адгалосак; рэха. У гаі пагалоска неслася, будзіла загуменне, адгукалася даль. Каваль. Роў .. [мядзведзя] пракаціўся кароткімі пагалоскамі. Лынькоў.
пагало́ўе, ‑я, н.
Агульная колькасць жывёлы ў гаспадарцы або на пэўнай тэрыторыі. Рост пагалоўя. □ За час вайны пагалоўе баброў не толькі не зменшылася, а, наадварот, значна павялічылася. В. Вольскі.